110 тысяч візаў толькі ў Польшчу і Літву. Колькі беларусаў пакінулі краіну за год

Са жніўня мінулага года беларусы з'яжджаюць жыць за мяжу па палітычных перакананнях. «Свабода» падлічыла, колькі чалавек ужо з'ехалі, і задалася пытаннем, ці спыніцца гэты працэс.

4b821f20_2fc7_4616_b84c_c19f22f6439a_w1023_r0_s.webp

Літва

За год Літва выдала беларусам каля 20 тысяч нацыянальных візаў. Такая віза дае магчымасць знаходзіцца ў Літве і працаваць. 834 беларусы атрымалі спецыяльны дазвол ад міністра ўехаць у Літву праз экстраардынарныя гуманітарныя ўмовы.

206 беларусаў падалі запыт на прытулак у Літве. Гэтую лічбу Святлане Ціханоўскай назвалі падчас сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Літвы.

Польшча

З пачатку года па 31 ліпеня Польшча выдала беларусам 90 тысяч візаў, з іх 9 тысяч — гэта гуманітарныя візы, з якімі беларусы могуць працаваць у Польшчы. Са жніўня мінулага года Польшча выдала беларусам 12 тысяч гуманітарных візаў. Такім чынам, толькі ў Літву і Польшчу маглі з'ехаць 110 тысяч беларусаў.

Украіна

Паводле памежнай службы Украіны, са жніўня мінулага года мяжу перасеклі 100 тысяч беларусаў. Гэта не значыць, што ўсе гэтыя людзі засталіся жыць ва Украіне.

У Дзяржаўную міграцыйную службу Украіны звярнуліся 64 грамадзяніна Беларусі дзеля атрымання статусу ўцекача або дадатковай абароны ад украінскай дзяржавы.

Гэтулькі заяваў міграцыйная служба атрымала з 1 жніўня 2020 па 31 ліпеня 2021 году.

За гэты ж перыяд 509 беларусаў атрымалі дазвол на іміграцыю ва Украіну і на гэтай падставе цяпер могуць звярнуцца па від на сталае жыхарства. Дазволы на іміграцыю найперш выдаюць высокакваліфікаваным спецыялістам, якіх патрабуе эканоміка Украіны.

З 1 жніўня 2020 да 31 ліпеня 2021 году 811 грамадзян Беларусі атрымалі від на сталае жыхарства, яшчэ 3348 — на часовае, а 572 беларусам падоўжылі магчымы тэрмін знаходжання ва Украіне.

Латвія

Паводле інфармацыі на канец мая гэтага года, у Латвію пераехалі 15 беларускіх кампаній, гэта некалькі соцень працоўных месцаў. Летась латвійскую візу атрымалі 250 беларусаў.

З 1 жніўня 2020 да 30 сакавіка 2021 года Латвія атрымала 54 заяўкі аб прадстаўленні прытулку ад грамадзян Беларусі. 24 заяўкі разгледзелі, з іх па 19 прынялі станоўчае рашэнне.

А што ў афіцыйнай статыстыцы

Калі параўноўваць колькасць жыхароў Беларусі ў 2020 і 2021 гадах, то жыхароў краіны стала менш на 60 614 чалавек. Апошнія дадзеныя па міграцыі ў афіцыйнай статыстыцы — толькі за 2019 год.

МУС Беларусі апошні раз агучвала статыстыку ў кастрычніку мінулага года, тады казалі пра 13,5 тысячы беларусаў, якія з'ехалі.

«Больш за 100 тысяч — гэта вельмі шмат»

Калі падлічыць усе выдадзеныя з часу пратэстаў у Беларусі візы ў краіны ЕС для грамадзян Беларусі, то атрымаецца, што з'ехалі больш за 100 тысяч чалавек. І гэта без уліку тых, хто з'ехаў ва Украіну ці Расію. На думку сацыёлага, экс-дырэктара Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Генадзя Коршунава — гэта вельмі вялікая лічба.

«Гэта вельмі шмат! Тэмпы развіцця грамадзтва, эфектыўнасць развіцця залежаць ад невялікай колькасці людзей. Гэта 5-7% ад усёй супольнасці. Рэжым выціскае больш актыўную, найбольш адукаваную частку грамадзтва. З пэўнага пункту гледжання — гэта катастрофа», — мяркуе навуковец.

Пры гэтым ён зважае на тое, што людзі, якія нядаўна з'ехалі праз ціск, вернуцца.

«Людзі, якія з'ехалі праз ціск уладаў, — вернуцца. Прынамсі частка. Вернецца і частка тых, хто з'ехаў 2-4 гады таму. Ніжэйшая верагоднасць, што вернуцца тыя, хто з'ехаў 5-7 гадоў таму. Пры Лукашэнку, зразумела, не вернецца ніхто. Колькі вернецца, насамрэч залежыць ад таго, што новая ўлада дасць гэтым людзям, каб заахвоціць», — мяркуе Генадзь Коршунаў.

Ён зважае на тое, што многія беларусы замежжа гатовыя шмат рабіць дзеля Беларусі з-за мяжы. І гэта болей, чым яны змаглі зрабіць дома.

«Беларусы, якія з'ехалі, заяўляюць пра сябе не як пра дыяспару. Яны кажуць, што яны «беларусы замежжа». Гэта значыць, іх дзейнасць тычыцца Беларусі. Беларусь цяпер не толькі тэрыторыя, гэта ўсе беларусы, якія жывуць ад Новай Зеландыі да Канады. Можна шмат чаго рабіць на карысць Беларусі, не знаходзячыся ў Беларусі. З аднаго пункту гледжання, той ад’езд, які адбываецца, — гэта катастрофа і з эканамічнага, і з дэмаграфічнага пункту гледжання. Але пры гэтым тут няма пункту незвароту. Добрую частку гэтых працэсаў можна павярнуць і на карысць Беларусі. Многія з тых, хто з'ехаў, змогуць зрабіць за межамі больш, чым у Беларусі, на карысць Беларусі», — кажа Генадзь Коршунаў.

На думку навукоўца, пры цяперашняй уладзе працэс ад’езду будзе ісці далей.