Ад беларускіх уладаў патрабуюць спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў

Міжнародная федэрацыя журналістаў (МФЖ) і ўдзельнікі канферэнцыі «Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Асаблівы фокус на Беларусь», якая прайшла 16 лістапада ў Мінску, патрабуюць ад уладаў Беларусі спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў.

bez_nazvanija_20.jpg

Канферэнцыя, арганізаваная МФЖ сумесна з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, сабрала каля 50 удзельнікаў з Беларусі, Украіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Нарвегіі, Іспаніі, Італіі, Францыі, Швецыі і Эстоніі. Запрошаныя прадстаўнікі дзяржаўных органаў мерапрыемства праігнаравалі.
Як адзначаецца ў прынятай рэзалюцыі, журналісты-фрылансеры «адчуваюць складанасці пры ажыццяўленні сваёй прафесійнай дзейнасці ў некаторых краінах Еўропы», але ў Беларусі ціск на іх з'яўляецца беспрэцэдэнтным. Міліцыя і суды, насуперак фармулёвак заканадаўства аб СМІ, абавязваюць атрымліваць акрэдытацыю ў Міністэрстве замежных спраў для журналістаў-фрылансераў, якія не з'яўляюцца штатнымі супрацоўнікамі замежных СМІ, а затым — «неабгрунтавана прыраўноўваюць дзейнасць без акрэдытацыі да парушэння парадку вырабу і распаўсюджвання прадукцыі СМІ (ч. 2 арт. 22.9 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях)».
«Аднак прадукцыю СМІ вырабляюць не журналісты, а рэдакцыі, і распаўсюджваюць яе не журналісты, а распаўсюднікі СМІ. Зыходзячы з прадстаўленых у законе «Аб сродках масавай інфармацыі» дэфініцый, журналіст не з'яўляецца суб'ектам вырабу прадукцыі СМІ, а таксама яе распаўсюду. Адпаведна, яго нельга прыцягнуць да адказнасці за парушэнне парадку ажыццяўлення гэтай дзейнасці нават у тым выпадку, калі ён рыхтаваў матэрыял без акрэдытацыі», — упэўнены аўтары рэзалюцыі.
У дакуменце таксама адзначаецца, што з 2014 года ў Беларусі ў дачыненні да журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, прымяняюцца «штрафы значных памераў, якія часцяком перавышаюць памеры месячных спажывецкіх бюджэтаў на чалавека». У 2014-2016 гадах у краіне было зафіксавана не менш за 48 выпадкаў штрафаў на агульную суму каля 15 тысяч еўра, а за дзесяць месяцаў 2017 года — ужо 50 штрафаў на 18 тысяч еўра ў эквіваленце.
У сувязі з гэтым прадстаўнікі МФЖ і астатнія ўдзельнікі канферэнцыі запатрабавалі ад беларускіх уладаў спыніць пераслед журналістаў-фрылансераў за іх прафесійную дзейнасць; замацаваць у нацыянальным заканадаўстве статус журналістаў-фрылансераў для забеспячэння іх правоў і законных інтарэсаў; адмяніць патрабаванне аб абавязковай акрэдытацыі ў МЗС журналістаў замежных СМІ, а таксама пачаць прымяняць на практыцы нормы міжнароднага права, якія рэгулююць права на свабоднае выказванне свайго меркавання і на свабодны распаўсюд інфармацыі.
Удзельнікі канферэнцыі таксама заклікалі замежных журналістаў да салідарнасці з беларускімі фрылансерам і заявілі аб намеры «працягнуць лабіраванне інтарэсаў журналістаў-фрылансераў на міжнародным палітычным узроўні».
«Самай вострай праблемай у медыяпрасторы Беларусі з'яўляецца адкрыты пераслед журналістаў-фрылансераў. Ва ўсялякім выпадку, апошнім часам гэтаму ёсць шматлікія доказы», — заявіў на канферэнцыі юрыст, экс-суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.
Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ўлады свядома не даюць акрэдытацыю непажаданым СМІ і «фактычна журналісты апынуліся пад сур'ёзным ударам». «У цяперашні час журналісты-фрылансеры не маюць у Беларусі легальнага статусу. Улада іх не заўважае, дакладней, заўважае і пераследуе», — канстатаваў юрыст.
На яго думку, сітуацыю можна выправіць, уключыўшы ў заканадаўства аб СМІ паняцце «журналіст-фрылансер». «Гэта цалкам лагічна, з пазіцыі права — гэта проста прабел, яго трэба запоўніць. Патрэбна фармулёўка, якая ўраняла б фрылансераў у правах з іншымі журналістамі», — сказаў Пастухоў.
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў паведаміў, што на дадзены момант у Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістраваны і чакаюць свайго разгляду некалькі скаргаў беларускіх журналістаў-фрылансераў у сувязі з вынесенымі ім штрафамі.
Паводле belapan.com