Адбылася прэзентацыя беларускамоўнага выдання аўтабіяграфіі Станіслава Шушкевіча
У Менску 11 верасня адбылася прэзентацыя беларускамоўнага выдання аўтабіяграфіі былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча "Маё жыццё, крах і ўваскрашэнне СССР", якая з прычыны немагчымасці выдання ў Беларусі была надрукаваная за мяжой.
Станіслаў Шушкевіч на прэзентацыі аўтабіяграфіі
Аўтар разглядае кнігу не як мемуары ў чыстым выглядзе, і называе яе міксам. У ёй ёсць і невялікія эсэ ў выглядзе кароткіх подпісаў пад здымкамі, і аналітыка, і трохі успамінаў. Кніга налічвае амаль 500 старонак і каля 300 ілюстрацый. Усе прысутныя на мерапрыестве маглі набыць кнігу за подпісам Станіслава Шушкевіча.
Таксама падчас вечарыны Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты правялі збор подпісаў супраць размяшчэння ў Беларусі расейскіх ваенных базаў. Супраць іх падпісаліся ўсе прысутныя - больш за 50 чалавек.
"Мерапрыемства было прымеркаванае да чарговай гадавіны Белавежскіх пагадненняў, адным з падпісантаў якіх быў Станіслаў Шушкевіч і якія сталіся важным крокам для аднаўлення беларускай дзяржаўнасці. На жаль, сённяшнія ўлады не надаюць тым падзеям годнай увагі, спрабуючы рэанімаваць гнілы труп былога СССР. У сувязі з гэтым МХД будзе штогод праводзіць падобныя акцыі", — адзначыла лідарка МХД Марына Хоміч, назваўшы Станіслава Шушкевіча адным з патрыярхаў беларускай палітыкі.