Анархіст Касінераў: Падам у суд на начальніка мінскай міліцыі за паклёп

Вячаслаў Касінераў, хоць і атрымаў адмову ад суда ў задавальненні сваёй скаргі, не збіраецца супакойвацца.

Вячаслаў Касінераў, фота Змітра Лукашука

Вячаслаў Касінераў, фота Змітра Лукашука

Суд адмовіў анархісту Вячаславу Касінераву ў задавальненні іска супраць вядучай канала АНТ Кацярыны Цішкевіч і начальніка мінскай міліцыі Аляксандра Барсукова. Па словах актывіста, веры ў іншы вынік у яго не было ад пачатку. Але, тым не менш, Касінераў сцвярджае, што сваёй мэты ён дасягнуў.

Касінераў: “Я дабіўся таго, чаго хацеў: прадзяржаўныя прапагандысцкія СМІ разам з Міністэрствам унутраных спраў сябе ў чарговы раз дыскрэдытавалі. Гэта быў чарговы паказчык таго, што ў гэтай краіне, у гэты прамежак часу ёсць жорсткая спайка МУС, дзяржаўных каналаў, іншых сілавікоў кшталту КДБ і гэтак далей. І яны вельмі шчыльна супрацоўнічаюць у тых выпадках, калі некага трэба дыскрэдытаваць. Калі трэба да суда змяніць стаўленне грамадства да нейкага актывіста. Цяпер я, як анархіст, магу дакладна казаць: у нашай краіне нават тыя законы, якія прапісаныя і існуюць на паперы, у жыцці не дзейнічаюць. І што завадатарамі таго, што адбываецца ў нашым грамадскім, палітычным і каляпалітычным жыцці з’яўляюцца сілавікі, на жаль. Адпаведна, думаць, што іх можна пакараць, прыцягнуць да адказу такімі метадамі ― праз суд ― вельмі наіўна”.

Тым не менш, Вячаслаў Касінераў, атрымаўшы адмову ад суда ў задавальненні сваёй скаргі, не збіраецца супакойвацца.

Касінераў: “Мы будзем гэтае рашэнне абскарджваць. Плюс, мяркую, мы пойдзем далей, і гэта будзе іск за паклёп непасрэдна да спадара Барсукова. Бо цяпер я маю яго адказ, які ён даслаў у суд, дзе чалавек канкрэтна кажа, што ён у тым сюжэце АНТ казаў менавіта пра мяне. А казаў ён гэта ў СМІ на ўсю краіну. А гэта, дарэчы, крымінальны артыкул. Я не веру, што будзе пакаранне, але, зноў жа, я хачу, каб беларусы ўбачылі: калі нехта начапіў пагоны, дык яму дазволена ўсё. Я хачу, каб людзі не мелі ілюзій, маўляў, калі нешта пакуль што іх не тычыцца, усё будзе добра. Не! Законы ў краіне не дзейнічаюць, і гэта неабходна змяняць, адсядзецца не атрымаецца”.

6 красавіка 2017 года начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Барсукоў у эфіры тэлеканала АНТ заявіў: “Гэта звычайны хуліган, на якім кляйма няма дзе ставіць, па вялікім рахунку… Тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці і за шкоду маёмасці”. Так Барсукоў адрэагаваў на тое, што неназваны ім “звычайны хуліган” накінуў пятлю на помнік царскаму паліцыянту, што стаіць ля будынка МУС у сталіцы. У гэты час за здзяйсненне гэтага ўчынку ў СІЗА знаходзіўся Вячаслаў Касінераў, які ў злачынствах, пералічаных Барсуковым, заўважаны не быў.

Пазней Касінерава пакаралі штрафам. Ён звярнуўся ў суд, каб абараніць уласны гонар, але ў задавальненні іска да АНТ і Барсукова яму адмовілі — на падставе таго, што імя актывіста ў сюжэце АНТ не было названае.


euroradio.fm