Апытанне ў Магілёве пра цяперашнюю сітуацыю з п`янствам у Беларусі

Апытанне БелаПАН: "30 гадоў таму, у маі 1985 года, у Савецкім Саюзе пачалася антыалкагольная кампанія. Нядаўна ініцыятар гэтай кампаніі Міхаіл Гарбачоў прызнаў яе памылковай. А як лічыце вы? І як ацэньваеце цяперашнюю сітуацыю з п`янствам у Беларусі?"



bucharyki.jpg

Адказвалі жыхары Магілёва: 
"Гэта сапраўды была памылка. Людзі пачалі гнаць самагонку. Многа народу паатручвалася. Цяпер катастрафічная сітуацыя. Дужа шмат моладзі співаецца праз наша беспрацоўе. Штодня гэтая колькасць расце. Калі наша кіраўніцтва што-небудзь не зробіць, мы многа людзей згубім". 
"Напэўна, нешта ў гэтым было слушнае. Але, як у нас робіцца, калі нешта разумнае, то перагібы пайшлі. Вінаграднікі секлі. Навошта? Нібыта нехта добрыя віны піў. Той, хто п`е, таго можна толькі пашкадаваць". 
"Вядома ж, памылковая. У нечым нават шкодная. Вельмі шмат людзей тады стала, якія пачалі ўжываць іншыя напоі, гнаць самагонку пачалі масава. Цяпер п`юць многа. Сітуацыя мо і катастрафічная". 
"Задума была неблагая, а вось рэалізацыя — кепская. Цяжка сказаць, якім спосабам дамагчыся, каб народ перастаў піць, аднак да гэтага трэба імкнуцца. Але не такім радыкальным чынам. Цяпер сітуацыя нядобрая. Я бачу па сваім двары, дзе збіраюцца розныя таварышы і п`юць абы-што, прычым адкрыта. Вельмі шмат народу співаецца". 
"Вядома ж, была памылковая. Столькі народу памерла. Колькі вінаграднікаў павысякалі. Трэба людзей прывучаць да культуры піцця. А не так, што напіўся і пайшоў. І віно гэта трэба прыбіраць. Чарніла гэта, бырла. Травяцца людзі масава". 
"Гэта не толькі была памылковая, але бессэнсоўная, звыродлівая кампанія. Тады, відаць, у краіне усе праблемы былі вырашаныя, толькі засталася антыалкагольная кампанія. Змагацца з п`янствам, я думаю, бессэнсоўна. Піць жа меней не сталі. Барацьба з алкаголем паўплывала на іншую праблему — пайшла ў рост наркаманія". 
"Гэта яго памылка была. Я і сам люблю выпіць. Ёсць грошы — п`ю, няма — то не п`ю. Другія ідуць крадуць. Іх садзяць у турму. Потым прэзідэнт амністыю робіць". 
"Я пра Гарбачова зусім не хачу гаварыць. Гэта быў засланы казачок. Калі вы маеце на ўвазе тых алкаголікаў, якія ходзяць па вуліцах, то няхай іх усіх збяруць ды няхай будуюць атамную станцыю. Іншага выйсця я не бачу". 
"А наагул мне падабаецца гэта. Калі алкаголік муж і б`е жонку, то гэта, канечне, нядобра. Паўсюдна п`юць, мне здаецца, аднолькава". 
"Зразумела, памылковае. Усё роўна людзі ж неяк выкручваліся. Мітусня была. Людзі шукалі і выпівалі. З п`янствам змагацца трэба, але як? Вельмі складана адказаць. Цяпер зашмат п`юць".
БелаПАН