Баранавічы: Следчы камітэт не рэагуе на незаконныя дзеянні супрацоўніка міліцыі

Актывіст свабоднага прафсаюза РЭП Аляксандр Вайцешык атрымаў з Баранавіцкага міжраённага аддзела Следчага камітэту РБ пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўніка міліцыі Парашкова А.М. па факце бяздзеяння ў пытанні рэгістрацыі заявы, якая паступіла ад яго па лініі “102”.



vajceshyk_sud.jpg

Аляксандр Вайцешык перад будынкам суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы

14 жніўня грамадскі актывіст звярнуўся ў адпаведнай заявай у СК, у якой указаў, што ўчастковы міліцыянер Ю.Г. Нізавец 27 чэрвеня праводзіў яго незаконнае затрыманне. Але грамадскі актывіст паспеў патэлефанаваць па спецлініі “102” і паведаміць не толькі пра супрацьпраўныя дзеянні, але і пра пагрозы супрацоўніка міліцыі ў яго адрас. Пры гэтым сп. Вайцешык настойваў на рэгістрацыі яго паведамлення ў “Адзінай кнізе Аддзела ўнутраных спраў”.

Пры разглядзе справы супраць Вайцешыка ў жніўні суддзя Мікалай Кміта апраўдаў грамадскага актывіста. На судзе нечакана высветлілася, што паведамленне Вайцешыка на “102” не было зарэгістравана. Таму прафсаюзны актывіст звярнуўся ў СК з заяваю аб прыцягненні да адказнасці супрацоўніка міліцыі А.М. Парашкова, які павінен быў гэта зрабіць.

Пастанову аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ад 16 верасня падпісаў старэйшы следчы Баранавіцкага міжраённага аддзела Следчага камітэту РБ М.В. Чыкін. У яго лісце паведамляецца, што следчы СК на працягу месяца па невядомых прычынах “не змог” знайсці заяўніка Аляксандра Вайцешыка, а аўдыёзапіс тэлефонных размоў ад 27 чэрвеня знішчаны. Следчы СК таксама “не змог” знайсці аператыўнага дзяжурнага Баранавіцкага ГАУС Парашкова А.М., які нібыта выехаў за межы Беларусі. СК зноў жа “не змог” на працягу месяца атрымаць раздрукоўку ўваходных тэлефонных размоў абанентнага нумара “102” ад раённага вузла электрасувязі філіяла РУП “Белтэлеком” г. Баранавічы.

— Думаю, што ніякай праверкі па маёй заяве і не было. Яны мне нават не даслалі позву, а чамусьці размаўлялі па тэлефоне з малалетнім сынам. Верагодна, СК імкнецца апраўдаць міліцыянера, а мяне ўцягнуць у бессэнсоўную перапіску з чыноўнікамі, — пракаментаваў А. Вайцешык.

Грамадскі актывіст абураны такой “эфектыўнай” працай Следчага камітэту і лічыць, што дзяржаўны орган свядома адмаўляецца праводзіць праверку па сутнасці справы, а імкнецца стварыць бюракратычную цяганіну і наогул забыцца пра яго заяву.

spring96.org