Баранавічы: аб’яднанне ўкраінцаў “Кабзар” судзіцца за памяшканне

Грамадскі актывіст Мікалай Чарнавус 19 верасня падаў у суд Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы скаргу на дзеянні начальніка ўпраўлення эканомікі гарвыканкама Раісы Уласовіч.



charnavus_mikalaj_baran.jpg

У скарзе Мікалай Чарнавус даводзіць, што неаднаразова звяртаўся ў Баранавіцкі гарвыканкам і Брэсцкі аблвыканкам, каб атрымаць памяшканне для грамадскага аб’яднання баранавіцкіх украінцаў “Кабзар”. Спачатку гарвыканкам выдзеліў памяшканне (вул. Савецкая, д.60), але потым хутка адмовіўся ад папярэдняга рашэння.

— На афіцыйным сайце Баранавіцкага гарвыканкама размешчана інфармацыя, што ў горадзе шмат вольных памяшканняў. Але цяпер на ўсе мае просьбы аб выдзяленні памяшкання для ГА “Кабзар” з мэтаю атрымання юрыдычнага адрасу нам адказваюць, каб мы заплацілі 2 мільёны рублёў і ўдзельнічалі ў аўкцыёне, – адзначыў Мікалай Чарнавус.

Грамадскі актывіст лічыць, што гэта вельмі вялікія грошы, напрыклад, на Украіне прадстаўнікі беларускіх грамадскіх арганізацый плацяць за арэнду проста сімвалічную суму: адну грыўну (усяго 1 тысячу беларускіх рублёў).

На чарговы зварот сп. Чарнавуса ў мясцовы гарвыканкам начальнік ўпраўлення эканомікі Раіса Уласовіч 7 жніўня 2013 года зноў адказала, каб ГА “Кабзар” удзельнічаў ў аукцыёне, нягледзячы на тое, што ў горадзе вельмі шмат вольных памяшканняў.

Мікалай Чарнавус просіць суд абавязаць Баранавіцкі гарвыканкам выдзяліць адно з вольных памяшканняў для ГА “Кабзар”.

 
spring96.org