Беларусь закрыла на выезд наземныя межы
З 00.00 21 снежня з Беларусі больш нельга выехаць праз наземныя пункты пропуску. TUT.BY нагадвае самае важнае, што цяпер трэба ведаць пра межы тым, хто плануе паездку.
Цяпер грамадзянам Беларусі нельга выехаць з краіны праз наземныя пункты пропуску. Можна выехаць праз аэрапорт — і цяпер гэта адзіны даступны спосаб. Такія ж правілы ўстанавілі для замежнікаў, у якіх ёсць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў Беларусі.
Ёсць выключэнні. Напрыклад, выехаць з Беларусі па зямлі можна, калі ў вас камандзіроўка або цяжка хворы сваяк за мяжой. Прычыну выезду трэба будзе пацвердзіць дакументамі. Поўны спіс прычын і патрэбных дакументаў можна паглядзець на сайце ДПК.
На беларуска-расійскай мяжы няма пунктаў пропуску. Гэта значыць, што выезд у гэтым напрамку з беларускага боку не абмежаваны. Праўда, расійскі бок дазваляе ўезд толькі для тых, у каго ёсць падстава (поўны спіс — на сайце пагранічнай службы ФСБ Расіі).
Для замежнікаў выезд за межы Беларусі не абмежаваны. Калі замежнік хоча прыехаць у Беларусь — гэта можна зрабіць праз аэрапорт, а праз наземныя мяжы ўезд замежнікаў абмежаваны (ёсць выключэнні). Таксама замежнікам старэйшым за 6 гадоў для ўезду ў Беларусь неабходны свежы адмоўны ПЦР-тэст.
10-дзённая самаізаляцыя абавязковая толькі для тых, хто прыбыў з краін, уключаных у пералік Міністэрства аховы здароўя. Калі самаізаляцыя пачалася, выехаць з Беларусі нельга, пакуль 10 дзён не скончыліся.
Колькі працягнуцца абмежаванні — пакуль не вядома. «Прагназаваць тэрміны адмены або змены [абмежавання] я б не стаў, — казаў TUT.BY Антон Бычкоўскі, афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага пагранічнага камітэта. — Разам з тым хацеў бы адзначыць, што, верагодна, гэтыя патрабаванні будуць карэктавацца па меры змены эпідэміялагічнай сітуацыі да лепшага».