Бердвотчары запрашаюць паназіраць за птушкамі
Прадстаўнікі гродзенскага аддзялення таварыства «Ахова птушак Бацькаўшчыны» запрашаюць на бясплатныя экскурсіі-назіранні за птушкамі.

Чорнагаловы ерчык. Фота Shutterstock
Пра вандроўкі распавядае арнітолаг, рэдактар сайта “Птушкі штодня” Зміцер Вінчэўскі:
— Так, мы звычайна запрашаем далучацца да нас. У нас абмежаваная колькасць месцаў, але можна імі карыстацца. У нас ёсць оптыка, вызначальнікі, дасведчаныя назіральнікі, якія дапамогуць у назіраннях, растлумачаць, што мы бачым, чаму бачым, чаму ў такой колькасці.
Звычайна штонядзелю мы выязджаем з раніцы да вечара, таму можна далучацца, папярэдне патэлефанаваўшы і пацвердзіўшы сваё жаданне ўдзельнічаць у экскурсіі.
Менавіта падчас такіх экскурсій-вандровак, якія падыходзяць людзям рознага ўзросту — ад малых дзетак да людзей сталага ўзросту, і рэгіструюць новыя віды птушак, якіх яшчэ ніколі не было зафіксавана на Гродзеншчыне. Напрыклад, некалькі тыдняў назад каля вёскі Поразава быў зафіксаваны чорнагаловы ерчык.