Цемра ў вёсках: святло абяцаюць да канца месяца

Як паведамілі жыхары вёсак Грозаўскага сельскага савета, у іх адсутнічае вулічнае асвятленне. Каб праверыць інфармацыю вяскоўцаў, я праехала вечарам па маршруту Жукі — Яўсеевічы.

cjomnaja_vjoska_001_logo.jpg

Сапраўды, усе вёскі патаналі ў цемры. Вуліцы цьмяна падсвечваліся толькі агеньчыкамі з хатніх шыб. Не гарэлі вулічныя ліхтары ў вёсках Жукі, Канюхі, Міхалёўцы, Аксаміты, Балгавічы, Яўсеевічы, Рыматаўшчына. Добра асветлены быў толькі аграгарадок Грозаў.

Як вядома, у “неперспектыўных вёсках” пражываюць сталыя людзі.

 — Цямнее цяпер рана, і жыць у маленькай вёсцы ва ўмовах цемнаты стала страшна, — гаворыць Дарашэвіч Людміла, сямідзесяцігадовая жанчына, былая заслужаная даярка з вёскі Аксаміты. — Ляжу ў ложку і прыслухоўваюся да розных гукаў. Бывае, мышаня альбо пацук прабяжыць па столі, а мне здаецца, што гэта хтосьці грукае ў дзверы. А тут яшчэ ў апошнім нумары раённай газеты, якую я выпісваю, пішуць, што ў вёсцы Крыніца Капыльскага раёна зладзеі вынеслі з хаты нават тэлевізар і лядоўню. А хіба я, старая і кульгавая жанчына, магла б супрацьстаяць рабаўнікам? Калі б каля дома гарэў ліхтар, пачувала б сябе больш бяспечна.

Напужала інфармаваную пенсіянерку і паведамленне аб праверцы міліцыянтамі 183 падназорных асобаў на тэрыторыі Капыльскага раёна.

 — Добра, што супрацоўнікі Капыльскага раёна сочаць за паводзінамі патэнцыяльных крымінальных суб’ектаў. Але ж занадта іх многа для нашай Капыльшчыны, — палохаецца жанчына. — Ды і не прыставіш міліцыянта каля кожнага крымінальніка. А ім жа патрэбна чымсьці карміцца, калі не працуюць.

 — У мінулым годзе святло на вуліцы запалілася таксама позна — толькі 1 кастрычніка. Мы тады шмат тэлефанавалі старшыні Грозаўскага сельвыканкама. А цяпер ужо нават і не звонім — молімся Богу, каб зладзеі і забойцы абыходзілі нашу вёску, — кажа другая жыхарка вёскі Антаніна Лазоўская.

Вольга Віктараўна Хорлікава, кіраўнік спраў Грозаўскага сельвыканкама, падцвердзіла інфармацыю аб запозненым вулічным асвятленні і патлумачыла гэта недахопам грошай.

— Заяўку на асвятленне вуліц ў электрычныя сеткі ў гэту восень мы падалі пазней — 15 кастрычніка, — паведаміла супрацоўнік сельвыканкама. — Да канца гэтага месяца ў вёсках павінна з’явіцца святло.

 

cjomnaja_vjoska_004_logo.jpg