Ці знойдуць вінаватых у забруджванні Дзітвы і Нёмана?
Актывіст Руху «За Свабоду» патрабуе знайсці вінаватых у забруджванні Дзітвы і Нёмана.
Гродзенскі абласны каардынатар Руху «За Свабоду» Вітольд Ашурак звярнуўся ў пракуратуру з патрабаваннем знайсці вінаватых у забруджванні рэк Дзітвы і Нёмана.
«Па факту забруджання летам 2019 года рэчак Дзітва і Нёман Следчым камітэтам Лідскага раёна была распачата крымінальная справа. Паралельна з гэтым журналісцкае расследаванне выявіла наўпроставую сувязь паміж экалагічнай катастрофай Дзітвы і Нёмана і злівам нечыстот Лідскім ЖКГ. Але неўзабаве крымінальная справа была спыненая», — нагадаў сайту pyx.by Вітольд Ашурак.
Па ягоным меркаванні, «гэты дэмарш Следчага камітэту Лідскага раёна ставіць пад пытанне гарантыю бяспекі і здароўя грамадзян».
«Злачынца, які аддаваў загад на зліў нечыстот не знойдзены і не пакараны. Перарваны ланцужок, на якім грунтуецца грамадская бяспека — злачынства-пакаранне. Такая сітуацыя непрымальная, бо правакуе хаос і ўмацоўвае недавер грамадства да дзяржаўных устаноў», — падкрэсліў абласны каардынатар Руху «За Свабоду».
Ён нагадаў, што праз загад чыноўніка было цалкам знішчанае усё жывое ў рацэ Дзітва на працягу 20 кіламетраў.
Вольга Быкоўская, pyx.by