Чыстая Прыпяць, брудная Прыпяць. Рэйтынг і антырэйтынг рэк ад Мінпрыроды

З рэк у Беларусі нельга піць і на вадзе нельга гатаваць, не пракіпяціўшы — хоць яшчэ 150 гадоў назад так раілі рабіць у кулінарных рэцэптах. Можна было б вярнуцца да гэтага, таму што рэкі ачышчаюцца за два гады, як кажуць прадстаўнікі Французскага офіса па вадзе. Але пакуль усё не так.

vada_2.jpg

«Часцей за ўсё рэкі ў нас не ў парадку з-за кропкавых крыніц забруджвання, не будзем хаваць», — кажа Канстанцін Цітоў, старэйшы навуковы супрацоўнік «ЦНІІКІВР» з аддзела маніторынгу і дзяржаўнага воднага кадастру.
Асноўная крыніца іх забруджвання ў Беларусі — сцёкі з палёў. Пакуль праблема не вырашаная, але ў Беларусі вучацца працаваць з планамі кіравання басейнамі рэк, якія ў тэорыі павінны дапамагчы. Горш за ўсё сітуацыя ў басейнах рэк Заходні Буг, Днепр, Прыпяць.
Часцей за ўсё ў паверхневых вадаёмах занадта вялікая канцэнтрацыя біягенных элементаў, радзей — арганічных рэчываў. Да іх адносяць, напрыклад, злучэнні азоту і фосфару, а забруджаныя воды схільныя эўтрафікацыі — так званаму цвіценню ў цёплы сезон.
Тым часам Мінпрыроды склала рэйтынг самых брудных і самых чыстых рэк, як бы нагадваючы: ёсць да чаго імкнуцца.

vada_2_1.jpg

Спіс самых чыстых рэк 19 сакавіка апублікавала БелТА са спасылкай на Мінпрыроды.

  • Рака Нёман вышэй Стоўбцаў (прыкладна ў 20 кіламетрах арыенцір — Мірскі замак).
  • Свіслач (у вёсцы Сухая Даліна ў 30 кіламетрах ад Гродна).
  • Бесядзь каля Свяцілавіч (за Бялынічы, Магілёўская вобласць).
  • Іпуць (прыток Сожа, Магілёўская і Гомельская вобласць).
  • Прыпяць ніжэй Пінска.
  • Случ (прыток Прыпяці прыкладна там жа).

Найбольш забруджаныя ў цэнтральнай частцы краіны:

  • Свіслач (на паўднёвым усходзе Мінска, каля Каралішчавічаў).
  • Лошыца ​​ў межах Мінска.
  • Пліса ў раёне Жодзіна (басейн Дняпра).
  • Уша ніжэй Маладзечна (басейн Нёмана).
  • Морач у Яскавічах (прыток чыстай Случы, на поўдзень ад Салігорска).

На поўдні краіны:

  • Мухавец у раёне Кобрына.
  • Заходні Буг у Рэчыцы, Навасёлках і Тамашоўцы.
  • Лясная Правая ля Каменюкоў (недалёка ад Белавежскай пушчы, цячэ таксама праз Польшчу).
  • Рудаўка (басейн Заходняга Буга, пару дзясяткаў кіламетраў ад польскай мяжы).
  • Ясельда ніжэй і вышэй Бярозы (Брэсцкая вобласць).
  • Гарынь (басейн Прыпяці, цячэ па Беларусі і Украіне).

Паводле Зялёнага партала