Дармаедаў, якія не заплацілі падатак, пакуль вырашылі не штрафаваць

На дадзены момант падатковыя органы накіравалі ўжо больш за 70 тысяч паведамленняў патэнцыйным плацельшчыкам збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Праўда, як паведамляе БЕЛТА, са спасылкай на МПЗ, пакуль улады вырашылі не прыцягваць да адказнасці тых, хто не заплаціў збор у казну.




20161006_pismo_tut_zam_tutby_phsl_1.jpg


Пры гэтым, як распавяла намеснік начальніка ўпраўлення падаткаабкладання грамадзян, дэкларавання даходаў і маёмасці галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асоб МПЗ Марына Побаль, 15 тысяч з іх змаглі даказаць сваё права не плаціць гэты збор. Атрымліваецца, што кожны чацвёрты з тых, хто атрымаў «ліст шчасця» ад падатковай змог даказаць, што не з'яўляецца дармаедам.

Як распавяла Марына Побаль, ад плацельшчыкаў паступіла ўжо 3 мільёны рублёў (гаворка пра новыя грошы), пры гэтым, 1 мільён грамадзяне заплацілі датэрмінова — узамен на 10-працэнтную зніжку на падатак.

Нагадаем, учора на нарадзе ў прэзідэнта абмяркоўвалі прымяненне гучнага дэкрэта аб дармаедстве. Аляксандр Лукашэнка выказаўся за тое, каб не адмяняць дакумент, але даручыў яго дапрацаваць. Па словах віцэ-прэм'ера Наталлі Качанавай, змены ў дэкрэт унясуць да канца года. Плануецца пашырыць спіс тых, каго вызваляць ад выплаты збору. Акрамя таго, мясцовыя органы ўлады атрымаюць права вызваляць ад выплаты падатку тых, хто «трапіў у непрадбачаныя жыццёвыя сітуацыі».

Дарэчы, пакуль чыноўнікі вырашылі не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці тых, хто не заплаціў збор.

Паводле tut.by