«Для Беларусі і два рэактары — зашмат, Літва не будзе купляць энергію з небяспечнай АЭС»

Пасля заявы расейскага амбасадара ў Мінску Аляксандра Сурыкава, што на Беларускай АЭС у Астраўцы ў будучыні могуць быць усталяваныя яшчэ два рэактары, віцэ-міністр энергетыкі Літвы Сімонас Шатунас адзначыў, што і тыя два рэактары, якія зараз узводзяцца, могуць быць залішнімі.

Будаўніцтва БелАЭС. Фота Lasko Dmitry / Shutterstock

Будаўніцтва БелАЭС. Фота Lasko Dmitry / Shutterstock


«Літва рэалізуе свой закон, і ня будзе ўпускаць электраэнергію з небяспечнай АЭС, таму я сапраўды ня ведаю, куды, за выключэннем, магчыма, расейскага ўнутранага рынку, Беларусь будзе пастаўляць гэту электрычнасць. Ужо і зараз папярэднія падлікі паказваюць, што і тыя два рэактары, што будуюцца — гэта занадта шмат. У такім выпадку электраэнергія будзе прадавацца на ўнутраны расейскі рынак, паколькі гэта інтэграваныя сістэмы», — цытуе Сімонаса Шатунаса delfi.lt.
Акрамя таго, паводле словаў літоўскага віцэ-міністра, усё яшчэ ня ясна, якая будзе цана электраэнергіі з гэтай АЭС. Беларусь не падае канкрэтных разлікаў. Шатунас уздымае і пытанне пра сховішчы адпрацаванага ядзернага паліва. Калі сховішчы ня ўключаны ў цяперашнюю цану, то гэта азначае, што яна будзе яшчэ вышэйшай:
«Перапрацоўка атамных адкідаў, як сведчыць шведскі досвед, надзвычай дарагая і часам складае ледзь не палову выдаткаў на развіццё самой атамнай станцыі. Ці ўключаны гэтыя выдаткі? Калі не, якая рэальная камерцыйная цана гэтай станцыі?» — пытаецца віцэ-міністр энергетыкі Літвы.
У пятніцу амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў, што пры спрыяльных умовах на рынку ў Астраўцы можна пабудаваць яшчэ два рэактары і падвоіць магутнасці БелАЭС, бо «геалагічныя ўмовы тут самыя спрыяльныя». Паводле ягоных слоў, перамовы наконт гэтага ішлі яшчэ да пачатку будаўніцтва АЭС.
svaboda.org