Два гады калоніі прысудзілі мінчуку, якога абвінавачвалі ва ўдарах па міліцэйскай машыне
У Мінску асудзілі 42-гадовага Вадзіма Луковіча, які быў 9 жніўня мінулага года ў натоўпе людзей, што сталі грукаць па машыне ДАІ. Пра гэта паведамілі ў аўторак у праваабарончым цэнтры «Вясна».
«Суддзя суда Цэнтральнага раёна горада Мінска Юлія Густыр 16 сакавіка вынесла прысуд у дачыненні да Вадзіма Луковіча: 2 гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму (столькі ж запытваў дзяржабвінаваўца Арцём Цвяткоў)», — праінфармавалі праваабаронцы.
Луковіча прызналі вінаватым па трох артыкулах («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»; «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»; «Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці»).
Інцыдэнт адбыўся ў дзень прэзідэнцкіх выбараў — 9 жніўня 2020 года — на скрыжаванні вуліц Багдановіча-Купалы-Старажоўскай у Мінску. Падсудны сцвярджае, што апынуўся там выпадкова. Ён вяртаўся пасля рамонту аўтамабіля свайго знаёмага. Сваю машыну вырашыў пакінуць у цэнтры, паколькі горад быў перакрыты сілавікамі. У натоўпе, як кажа Луковіч, яго штурхнулі, і ён ненаўмысна абапёрся на машыну ДАІ, пакінуўшы на ёй адбітак сваёй правай далоні.
Абаронцы адзначалі, што Луковіч ляўшун і, калі б наносіў удары, то рабіў бы гэта левай рукой.
Абвінавачванне ў якасці доказу віны прад'явіла 8-секундны відэазапіс. Прычым праваабаронцы сцвярджаюць, што раней гэтае ж відэа ставілася ў доказ віны Івана Каневегі, асуджанага да трох гадоў калоніі.
interfax.by