Дваіх суседзяў з «Плошчы Перамен» судзяць за аднаўленне графіці з «дыджэямі перамен»

Сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся разгляд крымінальнай справы за аднаўленне графіці з «дыджэямі перамен» на знакамітай «Плошчы Перамен». Судзяць 37-гадовага палітвязня Васіля Логвінава, якога ўжо тры месяца ўтрымліваюць пад вартай, і 29-гадовую Дзіяну Каранкевіч, якая знаходзіцца пад хатнім арыштам. Аднаўленне графіці на трансфарматарнай будцы кваліфікавалі як злоснае хуліганства, здзейсненае групай асоб (ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса).

Апошняе графіці на дадзены момант на «Плошчы Перамен» — 8 траўня 2021 года. Менавіта за яго цяпер судзяць Васіля Логвінава і Дзіяну Каранкевіч. Фота: Яўген Атцецкі

Апошняе графіці на дадзены момант на «Плошчы Перамен» — 8 траўня 2021 года. Менавіта за яго цяпер судзяць Васіля Логвінава і Дзіяну Каранкевіч. Фота: Яўген Атцецкі

На судзе абвінавачаныя прызналі, што малявалі графіці, але лічаць, што за іх дзеянні можа быць толькі адміністрацыйная адказнасць. Справу разглядае суддзя Дзмітрый Карсюк, дзяржабвінавачанне падтрымлівае Арцём Цвяткоў.
Паводле версіі абвінавачання, у ноч з 7 на 8 траўня гэтага года Каранкевіч, Логвінаў і іншыя нявызначаныя асобы «па матывах палітычнай і ідэалагічнай варожасці, з хуліганскіх меркаванняў, спалучаных з грубым парушэннем парадку і відавочнай непавагай да грамадзян, узялі ў рукі два трафарэты і нанеслі эмаллю белага і чорнага колераў малюнак на паркінгу Чарвякова, 60».
Сваімі дзеяннямі абвінавачаныя нанеслі шкоду Таварыству ўласнікаў «Паркінг на Сморгаўскім» на суму 334 рублі і 1 капейка. Абвінавачаныя цалкам пакрылі шкоду да суда яшчэ ў траўні.
І Васіль Логвінаў, і Дзіяна Каранкевіч віну прызналі часткова. Яны прызналі толькі тое, што нанеслі малюнак, але нязгодныя з кваліфікацыяй сваіх дзеянняў. Лічаць, што іх дзеянні варта кваліфікаваць як адміністрацыйнае правапарушэнне.
Першай на судзе дапыталі Дзіяну Каранкевіч. Яе затрымлівалі 14 траўня ў межах крымінальнай справы з Васілём Логвінавым. Адразу іх дзеянні былі кваліфікаваны па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса («Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці»). Пасля 72 гадзін у ІЧУ на Акрэсціна жанчыну вызвалілі і змясцілі пад хатні арышт.
На працэсе абвінавачаная распавяла, што графіці з «дыджэямі перамен» яны сапраўды малявалі з Васілём Логвінавым. Паводле яе слоў, яны сустрэліся апоўначы з 7 на 8 траўня, пра што дамовіліся раней у перапісцы. Малюнак быў зафарбаваны, і яны хацелі яшчэ раз нанесці яго.
«Гэта выява двух людзей, яна прыгожая. Асабіста гэтых людзей не ведаю. Але ведаю, што яны на масавым мерапрыемстве ўключылі песню Цоя "Перемен"».
Таксама яна адзначыла, што гэтая выява была каля дзіцячай пляцоўкі і дзецям яна падабалася. Паводле слоў жанчыны, яе шасцігадовае дзіця хвалявалася, што малюнак замаляваны.
Незадаволенасці наконт графіці ад іншых людзей яна ніколі не чула. Людзі былі незадаволеныя толькі тым, што прыязджалі супрацоўнікі міліцыі і зафарбоўвалі малюнак.
Паводле слоў Каранкевіч, ні ў каго дазволу на нанясенне малюнка яны не пыталіся і ні з кім, акрамя Логвінава, гэта не абмяркоўвалася. Цяпер абвінавачаная лічыць, што дзейнічалі яны незаконна, бо была нанесеная шкода. Яна думае, што за гэта можа быць адміністрацыйная адказнасць.
На судзе Дзіяна Каранкевіч распавяла, што малявалі графіці толькі ўдваіх з Логвінавым, але пры гэтым нехта быў у падземным паркінгу. Але хто гэтыя людзі, ёй не вядома. Малюнак наносілі з дапамогай трафарэтаў і балончыкаў фарбы. Балончыкі ўзялі ў падземным паркінгу. Як яны там з'явіліся, яна таксама не ведае. Васіль трымаў трафарэт, а яна наносіла фарбу. Іншых людзей яна там не бачыла. Малявалі каля гадзіны, потым яшчэ прагуляліся, сфатаграфавалі малюнак і пайшлі дадому.
Абвінавачаная сказала, што прызнае віну толькі ў тым, што нанесла малюнак. Але тое, што гэта была відавочная непавага да грамадства, якая груба парушае парадак — не.
Падчас следства Каранкевіч распавяла, што была ў чаце «Адрэналін». Сфатаграфавала графіці, каб падзяліцца з удзельнікамі чата. У чаце абмяркоўвалі, што ў двары перасталі дзяжурыць супрацоўнікі міліцыі і ёсць магчымасць абнавіць малюнак і павесіць на плот стужкі белага і чырвонага колераў. Цяпер пра стужкі не памятае, бо яны яе не цікавілі.
Таксама на судзе абвінавачаная заявіла, што на яе аказваўся ціск на папярэднім следстве: «У пратаколе допыту [следчыя] пісалі што хацелі». Каранкевіч сказала, што рабіла заўвагі па напісаным, але не памятае, выправілі гэта ці не.
37-гадовы жыхар «Плошчы Перамен» Васіль Логвінаў знаходзіцца пад вартай ужо больш за тры месяцы — з 14 траўня. На судзе мужчына прызнаў віну толькі ў тым, што нанёс малюнак. У астатнім віну не прызнае. Ніякіх мэтаў у яго не было. Як і абвінавачаная Каранкевіч, лічыць, што за гэта павінна быць адміністрацыйная адказнасць.
Таксама на працэсе ён распавёў пра чат «Адрэналін», які ўжо згадваўся на судзе. Паводле слоў Логвінава, гэта чат жыхароў двара «Плошчы Перамен», дзе абмяркоўваліся розныя пытанні. Ён не памятае, каб там абмяркоўваліся пытанні нанясення малюнка.
Суддзя Карсюк спытаў у абвінавачанага, чаму нанеслі менавіта гэты малюнак і што ён азначае. Логвінаў сказаў на судзе, што «гэты малюнак хацеў сын». На ім намаляваныя «дыджэі перамен», якія ўключылі песню Цоя. 
Падчас следства стала вядома, што, пакуль Логвінаў і Каранкевіч малявалі графіці, у двары вешалі БЧБ-стужкі. Па гэтай справе затрымлівалася Таццяна Старавойтава, але абвінавачаны не бачыў, развешвала яна стужкі ці не. Пазней Таццяну дапыталі ў судзе ў якасці сведкі.
На судзе дапыталі старшыню Таварыства ўласнікаў «Паркінг на Сморгаўскім» Мілішкевіча. Абвінавачаныя і іх абаронцы былі супраць допыту яго на судзе, бо шкода кампенсаваная цалкам.
На судзе Мілішкевіч сказаў, што «на жаль, гэтая сценачка са жніўня была абраная для нанясення муралаў і малюнкаў». Старшыня Таварыства распавёў, што 9 траўня яму патэлефанаваў участковы і сказаў, што там зноў «пратэсная выява».
«А паколькі нас пастаянна каралі за гэтыя выявы, я адразу выехаў туды. Прыехаў, а ўжо МНС або ЖЭС зафарбавалі малюнак. Ён быў замазаны іншага колеру фарбай. Шкода была. На падставе дэфектнага акта шкода была на суму 334 рублі 1 капейка. Шкода быў кампенсаваная Логвінавым і Каранкевіч у 20-х чыслах траўня цалкам. Там усе супрацьстаялі гэтаму муралу. Там збіраліся людзі. Я спрабаваў змагацца з гэтым, пісаў аб'явы. Дапамагала міліцыя», — на судзе распавёў Мілішкевіч.
Абвінавачаная Каранкевіч пацікавілася ў яго, ці заяўляў ён шкоду, калі сцяну зафарбавалі бітумам. На гэта Мілішкевіч сказаў, што не ведае, хто зафарбоўваў, таму і шкоду няма каму заяўляць.
На судзе дапыталі сведак. Першай выступіла Таццяна Старавойтава, пра якую на папярэднім следстве гаварыў Логвінаў. На судзе яна распавяла, што пра нанясенне малюнка ёй вядома, але хто наносіў яго, не бачыла. Старавойтава сказала, што ў чаце «Адрэналін» абмяркоўвалі гэта за некалькі дзён да гэтага. Яна прапанавала павесіць стужачкі, а хто прапанаваў нанесці малюнкі — не ведае.
На судзе дапыталі яшчэ адну жыхарку «Плошчы Перамен», якая фігуравала ў матэрыялах справы і допытах абвінавачаных — Таццяну Чэрнік. Яна распавяла, што сапраўды была ў чаце «Адрэналін», але гэта чат мам: «Хтосьці цацку згубіў, забыўся». З нагоды нанясення малюнка было пару абмеркаванняў. Канкрэтна нічога не было. Сама не планавала ўдзельнічаць там.
7 траўня яна вярталася са шпацыру пасля 11 вечара. Бачыла, што каля будкі былі людзі. Была Таццяна Старавойтава. Яна там проста стаяла. Больш нікога не бачыла. На судзе яна сказала, што бачыла ўжо зафарбаваную выяву. Саму карцінку бачыла ў інтэрнэце. Дзе канкрэтна — не памятае.
Потым пракурор Цвяткоў заявіў хадайніцтва аб разглядзе пісьмовых матэрыялаў справы ў закрытым судовым пасяджэнні ў сувязі з тым, што ў матэрыялах справы змяшчаецца інфармацыя з экстрэмісцкіх крыніц — партала TUT.BY. Суд задаволіў хадайніцтва — пісьмовыя матэрыялы справы даследавалі на закрытым пасяджэнні.
На наступным пасяджэнні адбудуцца судовыя спрэчкі. Па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Дзіяне Каранкевіч і Васілю Логвінаву пагражае арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго года да шасці гадоў.
Паводле spring96.org