Дзед Мароз супраць карупцыі

Адразу пасля каталіцкітх Калядаў у Баранавічах нястомны Мікалай Чарнавус вырашыў падвесці вынікі году для мясцовых чыноўнікаў. 26 снежня ад 9.30 да 10.30 ён правеў адзіночны пікет супраць карупцыі мясцовых чыноўнікаў у старым парку горада з боку вуліцы Камсамольскай.



noij_god_2014_004.jpg

Чарнавус трымаў у руках плакат «Старшыні Дзічкоўскі, Язубец — непатапляемыя.Старшыня аблвыканкама Сумар абмануў Прэзідэнта. Карупцыянер у парламенце. Ганьба!!!»

Як паведаміў «Новаму часу» Чарнавус, пікет выкліканы тым, што баранавіцкія чыноўнікі проста падманваюць прэзідэнта. «Лукашэнка 16 снежня сказаў, што ў Баранавіцкім райвыканкаме квітнее карупцыя, некаторыя супрацоўнікі адпачываюць пад афрыканскім сонцам, а канкрэьна, у Эміратах, за бюджэтныя грошы, выдзеленыя былым старшынём Баранавіцкага райвыканкама, а цяпер дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Мікалаем Язубцом», — адзначыў Мікалай Чарнавус.

«Прэзідэнт патрабаваў вярнуць гэтыя грошы. Ён запытаўся: «Грошы за гэты адпачынак вернутыя?». Яму адказалі — вернутыя. Насамрэч, ніхто нічога не вярнуў. Лукашэнка таксама запытаўся, ці звольненыя тыя карупцыянеры. Старшыня Брэсцкага аблвыканкаму Канстанцін Сумар адказаў — звольненыя. Насамрэч, Мікалая Язубца ніхто не звальняў. Ён пайшоў нават на павышэнне — стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў», — кажа Чарнавус.

Па словах Чарнавуса, карупцыя ў Баранавічах сапраўды квітнее пры поўнай бяздзейнасці кантралюючых органаў.

«Той жа былы старшыняДзічкоўскідавёў да банкруцтва, а потым скупіў за бясцэнак шмат крамаў у Баранавічах. Зараз ён стаў дырэктарам завода жэлезабетонных выбабаў, і ніхто не сумняецца, што гэты завод таксама будзе збанкручаны і выкуплены «патрэбнымі людзьмі». З гэтымі махінацыямі разбіраўся Камітэт дзяржкантролю, набраў стос папераў па злоўжываннях у Баранавічах, але зрабіць нічога не здолеў, бо Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт пакрывае і абараняе карумпаваных баранавіцкіх чыноўнікаў», — лічыць Чарнавус.

У той жа час, адзначае актывіст, прадпрымальнікам амаль немагчыма атрымаць нават самыя стратныя і самыя занядбаныя аб’екты, на якія дзяржава забылася і якія б маглі прыносіць карысць.

«Напрыклад. У Баранавіцкім раёне шмат закінутых фермаў. Падаецца, ніводны чалавек не наважыцца зараз укладаць грошы ў сельскую гаспадарку і занядбаныя калгасы. Але мы сабраліся і пайшлі ў выканкам з просьбай аддаць нам хаця б адну з такіх фермаў, каб займацца там птушкагадоўляй. І, на дзіва, атрымалі адмоўнае рашэнне. Хіба з такой уладай можна неяк развіваць краіну?» — задаецца пытаннем Чарнавус.

Пакуль што з санкцыямі за такі пікет да Чарнавуса не прыходзілі. З іншага боку, прайшло і не так шмат часу, каб нейкія наступствы ўжо былі. А можа, улада занятая святамі, і да Чарнавуса проста не дойдуць рукі?