Дзянісу Івашыну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
Гарадзенскаму журналісту Дзянісу Івашыну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго маці Людміла Івашына, піша racyja.com.
![denis_ivashin_grodno_1_1.jpg denis_ivashin_grodno_1_1.jpg](/img/v1/images/denis_ivashin_grodno_1_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
"Па справе так нічога абсалютна не праводзіцца. Працягнулі, і, што будзе далей, незразумела”, — сказала яна. Пры гэтым Івашына паведаміла, што сын пасля знаходжання ў карцары трапіў у каранцін. "Мы дакладна не ведаем, у нейкай камеры сядзеў у каранціне. Хтосьці, верагодна, у яго камеры захварэў, а можа, і не. Не магу сказаць дакладна, мы амаль нічога не ведаем”, — адзначыла яна.
Паводле слоў маці, Дзяніс атрымаў яе шосты і сёмы ліст. "Мы лісты нумаруем, у лістах я пішу, што адбываецца дома, каб неяк адцягнуць яго ад сумных думак у галаве, ад якіх не дзецца ні яму, ні нам. Ён атрымаў шмат лістоў ад тых, хто яго падтрымлівае, каля пяцідзесяці, і папрасіў перадаць яму 100 лістоў чыстай паперы, каб мог адказваць і самому пісаць свае разважанні. Дух, быццам бы, не зламаны. Ён адэкватна ўспрымае ўсё, як яно ёсць”, — дадала Людміла Івашына.
Яна заўважыла, што Дзянісу дрэнна без інфармацыі. "Спрабавалі перадаць радыё і тэлевізар, але іх не прымаюць. Без інфармацыі яму складана, тым больш ён журналіст і прывык да вялікага патоку. Пазбавіць інфармацыі журналіста — гэта проста трагедыя”, — падкрэсліла маці Дзяніса.
Івашын быў затрыманы вечарам 12 сакавіка ў сваёй гарадзенскай кватэры і змешчаны ў следчы ізалятар. У той жа дзень сілавікі правялі вобшукі ў кватэры журналіста, дома ў яго маці, а 15 сакавіка — у яго 95-гадовай бабулі. 19 сакавіка Івашыну выставілі абвінавачанне па арт. 365 Крымінальнага кодэкса — нібыта за ўздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы. Праваабаронцы прызналі журналіста палітвязнем. Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці адзначаюць, што дзейнасць Дзяніса Івашына ў межах журналісцкіх расследаванняў пры падрыхтоўцы серыі публікацый аб праходжанні службы былых супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення ўкраінскай міліцыі „Беркут” у складзе атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння Беларусі (АМАП) мела легітымную мэту давядзення да ведама грамадства інфармацыі, якая ўяўляе сацыяльную значнасць. Звесткі для правядзення журналісцкага расследавання браліся з адкрытых крыніц.