Выкладчыкі ў судзе: іспыт на сумленне
18 траўня суд Савецкага раёна на выязным пасяджэнні ў Доме правасуддзя працягвае разглядаць крымінальную "справу студэнтаў".
На лаве падсудных 12 фігурантаў: студэнткі і студэнты Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Ілля Трахтэнберг, Таццяна Якельчык, Кася Будзько, Яна Арабейка, Вікторыя Гранкоўская, Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік, Глеб Фіцнер, выпускніца БДМУ Алана Гебрэмарыям і выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава. Усіх іх абвінавачваюць па ч. 2 арт. 17 ("злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове") і ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса ("актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак")
Справу вядзе суддзя Марына Фёдарава.
Тэкставую онлайн-трансляцыю з залі суда вядуць "Вольны прафсаюз БДУ" і "Студэнцкая Думка".
Учора на пасяджэнні сведкамі выступалі прадстаўнікі адміністрацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Сёння ў якасці сведак выступілі выкладчыкі БДПУ – Андрэй Юшчык, Наталля Яблонская, Тамара Бурачэўская, першы прарэктар Святлана Копцева, і МДЛУ – Аляксей Дзербін, Аляксандр Паніматка, Дзмітрый Тупік, Валянцін Паўлоўскі, Павел Лявонцьеў.
Таксама сведчылі прадстаўнік прэс-службы БДПУ Уладзіслаў Ляніўка і супрацоўніца БДПУ Аксана Навуменка.
Яны сцвярджалі, што акцыі студэнтаў псавалі імідж універсітэта, асабліва ў сувязі з размяшчэннем іх фота на TUT.BY (у дадзены момант сайт недаступны).
Абаронца ўдакладніў: "Імідж псуе фота або прыцягненне студэнтаў да крымінальнай адказнасці?"
Сведка: "Другі варыянт".
Святлана Копцева была на бальнічным з 25 жніўня да канца верасня, аб акцыях даведалася ад дэкана. Яна сцвярджала, што акцыі маглі нанесці шкоду, бо ў ВНУ вучацца замежныя грамадзяне, іх бацькі тэлефанавалі.
Яна Арабейка ўдакладніла: "На якія крытэры вы арыентуецеся датычна дазволу на фота?"
Святлана Копцева адказала: "Можна фатаграфаваць. Цяпер гаворка пра дэструктыўныя фота (з сімволікай): фота рабіліся мэтанакіравана, мелі палітычны характар".
Пасля абеду сведкай у судзе выступіў прарэктар па вучэбнай рабоце МДЛУ Аляксей Дзербін. Ён сцвярджаў, што ведае пра студэнцкі страйк па запісах з інтэрнэту і з камер відэаназірання, "як хадзілі па калідорах і шумелі". Таксама ён бачыў на запісах з камер, як студэнты "стаялі каля ўваходу, пляскалі ў ладкі і скандавалі лозунгі".
На пытанне, ці ведае ён, хто каардынаваў акцыі, сказаў, што яму нічога не вядома. З тэлеграм-каналаў ведае толькі "МДЛУ за Свабоду".
На думку сведкі, акцыі студэнтаў стваралі перашкоды, але істотнай шкоды ад іх не было, заняткі праводзіліся, навучальны працэс не спыняўся.
— З якой мэтай збіраліся студэнтам?
— Выказвалі свае пазіцыі па нагоды палітыкі.
— Ці ведаеце Глеба Фіцнэра?
— Асабіста не знаёмыя, чуў.
— Ці перашкаджалі акцыі або заміналі перамяшчэнню па універсітэту?
— Мне не перашкаджалі.
— Якая рэакцыя была ва ўніверсітэта, калі затрымалі першых студэнтаў?
— Баранава [экс-рэктар МДЛУ] прымала меры.
Сведка таксама дадаў, што не памятае зместу плакатаў, нікога з удзельнікаў не ведае, асабіста акцыі не бачыў, зместу песень і лозунгаў таксама не ведае.
Пасля першых затрыманняў са студэнтамі правялі тлумачальныя гутаркі.
З-за значных разыходжанняў у паказаннях былі зачытаныя паказанні, якія сведка даваў на папярэднім следстве. Так, Дзербін сцвярджаў, што 1 верасня ў акцыі бралі ўдзел спачатку 30 чалавек, потым — 70. На наступны дзень — 2 верасня — каля 20 чалавек з плакатамі. Абодва дня выклікалі міліцыю, але хто за гэта адказваў, сведка не ведае. Студэнты спявалі песні і выкрыквалі лозунгі, але сам ён не быў відавочцам, хоць называе дакладнае час і даты падзей.
У судзе свае паказанні ў следчага Аляксей Дзербін падтрымаць не змог, сцвярджаў, што перашкоды былі, але ўжо не мог з упэўненасць сказаць, што было менавіта "грубае парушэнне" грамадскага парадку.
Наступным сведкам выступіў дэкан перакладчыцкага факультэта МДЛУ Аляксандр Паніматка. Ён распавёў, што акцыі праходзілі амаль штодня: у фае, ля ўваходу ў корпус А і Б, колькасць - ад 5-6 да 20-30 чалавек, пераважна студэнты МДЛУ. Удзельнікі акцый спявалі, стаялі групай, часам выкарыстоўвалі бел-чырвоную сімволіку. Нікога з абвінавачаных не ведае.
"Мы, выкладчыкі, бачылі інфармацыю пра падрыхтоўку акцыі ў тэлеграм-каналах "Отчислено", "За свабоду". Да студэнтаў выходзіў я, намеснікі і прарэктар. Даты акцый назваць не магу — яны праходзілі часта".
На пытанне, ці была нанесеная шкода навучальнаму працэсу, адказаў:
"У цэлым не. Толькі адзін раз, калі была забастоўка і студэнты не хадзілі на пары".
На думку Аляксандра Паніматка акцыі не маглі нашкодзіць іміджу універсітэта, бо ён "фармуецца паспяховымі выпускнікамі і якасцю адукацыі, а не акцыямі пратэсту".
— З-за чаго выходзілі студэнты?
— Паказаць сваю грамадзянскую пазіцыю з нагоды выбараў і палітычнай сітуацыі ў краіне.
— Хто быў пастаянным удзельнікам, лідэрам на гэтых акцыях?
— Мы спрабавалі высветліць, запрашалі іх на гутаркі, аналізавалі паводзіны.
З абвінавачаным Глебам Фіцнэрам сведка асабіста не знаёмы, але характарызуе яго як добрага студэнта, які паспявае, які ўдзельнічае ў многіх мерапрыемствах — "добры хлопец з арганізатарскімі здольнасцямі".
Сведка сцвярджае, што падчас адной з акцый, калі ва ўніверсітэт беглі студэнты МДЛУ, адміністрацыя зачыніла дзверы, бо "першы курс не мог выйсці з-за сцяны студэнтаў, якія беглі назад".
— Вы як выкладчык лічыце, што студэнты маюць права выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю?
— Маюць.
Сведка лічыць, што грубых парушэнняў парадку не было, выкладчыкі і студэнты не скардзіліся на акцыі, а ўніверсітэт не звяртаўся да праваахоўных органаў — сам спраўляўся са сваімі праблемамі.
Наступным у судзе дапыталі дэкана факультэта міжкультурных камунікацый МДЛУ Дзмітрыя Тупіка. Ён распавядаў пра падзеі 26 кастрычніка 2020 года: зрываў заняткаў не было, але праход на лесвічных пляцоўках быў абцяжараны. У іншыя дні таксама праходзілі акцыі — навучэнцы да 30 чалавек спявалі песні, патрабаванняў не высоўвалі, адміністрацыя выходзіла і глядзела на студэнтаў.
У адзін з дзён АМАП уварваўся ў навучальны корпус і затрымаў пяць чалавек — "выводзілі пад рукі, за рукі, за ногі".
Адзін студэнт схапіўся за металічныя краты, сведка кажа, што яны спрабавалі яго супакоіць — "адарвалі ад кратаў".
Абвінавачанага Глеба Фіцнера Дзмітрый Тупік апісвае так: песень спяваць не выходзіў, на заняткі прыходзіў, на гутаркі не выклікалі, раней спагнанняў не было, скаргаў ад выкладчыкаў на было, "чалавек прыйшоў вучыцца".
Сведка таксама растлумачыў, што не лічыць падзеі, якія адбыліся 26 кастрычніка, злачынствам, а характарызуе іх як непрафесійныя паводзіны, лічыць, што маглі б вырашыць самі без умяшання супрацоўнікаў міліцыі.
Наступным выступіў дэкан факультэта раманскіх моў МДЛУ Валянцін Паўлоўскі.
Адразу ён спытаў, хто абвінавачаныя, сказаў, што шмат студэнтаў, але знаёмых асобаў не бачыць. Суду растлумачыў, што з пачатку верасня студэнты выходзілі і спявалі песні. Больш за ўсё яму запомнілася 4 верасня, калі ў сценах універсітэта з'явілася міліцыя:
"Мы ўсе лічылі сітуацыю ненармальнай. Маіх студэнтаў не было на акцыі. Мы выходзілі і тлумачылі, што нельга. Спевы былі падчас перапынкаў. Міліцыя прыйшла 4 верасня. Вучні павінны былі разысціся, як звычайна. Калі я спусціўся да студэнтаў, убачыў, як іх затрымліваюць. Я спрабаваў заступіцца за сваіх пяцікурснікаў. Я быў узбуджаны з'яўленнем міліцыі і затрыманнямі".
Паўлоўскі кажа, што прычына збору студэнтаў — жаданне паказаць сваю пазіцыю з нагоды нязгоды з вынікамі выбараў. Паводле яго слоў, ніхто не ведаў, хто выклікаў міліцыю, і да гэтага часу не ведае. Зрыву або адмены заняткаў не было.
Далей быў дапытаны дэкан факультэта англійскай мовы Павел Лявонцьеў. Ён таксама распавёў, што студэнты збіраліся ў фае, спявалі песні, ён сам выходзіў да іх на размову. У нейкі момант з'явіліся людзі без апазнавальных знакаў, толькі ў некаторых былі нашыўкі на спіне "АМАП". Студэнты сталі разыходзіцца і хавацца, але праз некаторы час міліцыянты сталі выводзіць затрыманых. Патрабаванняў перад затрыманнем Лявонцьеў не чуў, затрыманняў ніхто не чакаў.
Пасля гэтага ва ўніверсітэт тэлефанавалі бацькі і пыталіся пра бяспеку на факультэце.
На думку сведкі, студэнты маюць права выказваць сваю пазіцыю.
"Ім трэба аддаць належнае, на нашы заўвагі рэагавалі, калі прасілі вызваліць праход - падсоўваліся".
Таксама сказаў, што была сварка, не толькі слоўная, паміж студэнтамі і выкладчыкам Пішчыкавым. Кажа, што была "бойка "за дзверы", але не тое, каб рукапрыкладства".
У дачыненні да Пішчыкава адміністрацыяй былі прынятыя меры — дысцыплінарнае спагнанне.
Судовае пасяджэнне працягнецца 19 траўня.
spring96.org