ФК «Крумкачы» могуць зняць з чэмпіянату Беларусі
Камітэт па статусе і пераходах футбалістаў АБФФ хадайнічае перад Камітэтам па клубным ліцэнзаванні разгледзіць пытанне аб адкліканні ліцэнзіі ў футбольнага клуба «Крумкачы». Маладому клубу ставяць у віну невыкананне спартовых крытэрыяў разраду «А» рэгламенту АБФФ па ліцэнзаванні.
Прэтэнзіі грунтуюцца на заяве чальца выканкама Беларускай федэрацыі футбола і дырэктара РЦАР па футболе БДУ Уладзіміра Пігулеўскага. Ён заявіў, што «Крумкачы» несумленна пераманілі групу падлеткаў 2001 года нараджэння ў свой дзіцячы клуб. Туды хлопцы перайшлі за дзіцячым трэнерам Вадзімам Сугакам.
Пігулеўскі ў інтэрв’ю Прэсболу сказаў, што быў не супраць, каб дзеці пераходзілі ў іншыя клубы і калі б «Крумкачы» звярнуліся да яго ў чэрвені, гэтае пытанне было б вырашанае. Аднак 22 жніўня, за 5 дзён да пачатку чэмпіянату з РЦАР сышлі 18 выхаванцаў. РЦАР сутыкнулася з праблемай — не стала каманды з гэтай узроставай групы, якую можна выставіць на спаборніцтвы.
Калі парушэнні «Крумкачоў» будуць даказаныя, каманду могуць зняць з чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі.
Паводле euroradio.fm