Ганна Севярынец: Называюць «парадам смерці», але ён і цяпер парад перамогі... над здаровым сэнсам

У дзяцінстве я, вядома ж, глядзела парады. Падабалася, як роўненька ідуць салдаты, як прыгожа яны выгукваюць сваё «ўра», як нясуць сцягі, як хвалюецца мора людзей за агароджай. Глядзела я іх даволі доўга, ажно да таго моманту, як не пачалі ездзіць за салдатамі грузавікі з лядоўнямі і пральнямі. Ці то пасталела, ці то што яшчэ. 

На «Радыё Свабода» піша Ганна Севярынец.

Фота прэс-службы прэзідэнта Беларусі

Фота прэс-службы прэзідэнта Беларусі

А вось дзед мой, Павал Пятровіч Севярынец, франтавік, парадаў асабліва не глядзеў. Ад самай вайны ў яго не было адной нагі, затое быў ордэн Чырвонай Зоркі, і я таксама не памятаю, каб ён ім хваліўся. З 18 гадоў інвалід вайны, ён пабудаваў хату, выгадаваў трох сыноў, працаваў усё жыццё, рыбачыў з лодкі на Дняпры, а калі яго разбіў інсульт — і трэба ж, каб паралізавала той бок, дзе была адзіная нага! — тады толькі сеў у інвалідны вазок.
З раніцы яго вывозілі на вуліцу, і ён там адной жывой рукой альбо сек гарбузы, альбо нават пілаваў дровы, а калі выкочвалі за веснічкі, дык сядзеў там і думаў. Наўрад ці пра вайну. Прынамсі, пра яе нам, унукам, ён ніколі не расказваў, нават калі пыталіся.
Дзеці мае парадаў наогул не глядзяць. Нават у дзяцінстве не глядзелі — ані на роўненькіх жаўнераў, ані на гучнае «ўра». Не ведаю, ці глядзяць вучні. Ведаю, праўда, што тэма Вялікай Айчыннай вайны для іх — тэма нудотная. Яны нават называюць тую вайну зневажальна, мяне дык перасмыкае кожны раз, калі я чую гэтае вось «ВОВ». «У часы ВОВ у Беларусі загінуў кожны чацвёрты», — бадзёра рапартуюць яны на чарговых конкурсах юных аратараў, і нават не пужаюцца асабліва, калі іх паправіць: «не ВОВ, а Вялікая Айчынная вайна». Ну не ВОВ, дык не ВОВ.
«А ці чыталі вы, дзеці, быкаўскі „Знак бяды“?» — «Быкаў? Гэта пра ВОВ? У-у-у-у... Не, не чыталі. Колькі можна пра вайну».
Калі нехта і не хацеў знішчыць жывой, горкай і трапяткой памяці пра тую вайну, калі ўсе гэтыя парады з лядоўнямі, «лініі Сталіна» і бясконцая «ВОВ» у школьнай праграме і меліся быць сталым і гарачым напамінам пра народную трагедыю — дык яны ўсё адно гэта знішчылі.
Прайшло 75 гадоў. Дзеці пазяхаюць ад «ВОВ». Яны ўжо не памятаюць старых дзядоў у інвалідных вазках, што сядзелі ля сваіх прызбаў у цяжкім задуменні. «Спасибо деду за победу» — гэта даўно ўжо не болей, чым здзек са здаровага сэнсу: дзяды сённяшніх дзяцей нарадзіліся далёка пасля вайны.
Цяпер яшчэ і парад. Тое, што заставалася, няхай і з лядоўнямі. Тое, што яшчэ нейкім чынам нагадвала, што дазваляла ўспомніць ці пагутарыць. Цяпер яшчэ і парад будзе знішчаны новай асацыяцыяй — тым, як усёй краінай супраціўляліся; тым, як студэнтам пачалі прапаноўваць пасярод пандэміі пайсці паглядзець парад за прыбаўку ў стыпендыі (дзесяць рублёў у наступным месяцы) альбо нават проста за адпрацоўку ў інтэрнаце. Схадзіць паглядзець парад Перамогі — за даплату ў 10 рублёў.
Яго называюць цяпер «парадам смерці». Але ён і цяпер ёсць парадам перамогі. Парадам перамогі над здаровым сэнсам. Парадам перамогі над рэкамендацыямі СААЗ. Парадам перамогі над слабавольнымі студэнтамі. Над сваёй краінай.
Ніколі ўжо словы «парад Перамогі» не будуць такімі, якімі яны былі хаця б для мяне.
Не тыя пайшлі цяпер парады.
svaboda.org