Гвалт — як наркотык. Чым больш ужываеш — тым большай павінна быць новая доза

Каб трымаць людзей у падпарадкаванні, ёсць толькі адзін варыянт стратэгіі, і змяншэння рэпрэсій ён не прадугледжвае.

marsz_adzinstva_6__14__logo_3.jpg

Праваабаронцы падлічылі, што за лістапад сілавікі затрымалі мінімум 354 чалавекі. Яно і зразумела: жорсткія рэпрэсіі падтрымліваюць узровень страху ў грамадстве, спыніш махавік пераследу — можаш атрымаць новы бунт.

Таму і садзяць за неасцярожнае слова ці нават за лайк пад пастом. Цынічнае тлумачэнне, але яно выглядае натуральным у вачах рэжыму.

Ці існуе нейкая мяжа для сілавога падаўлення іншадумства? Пра гэта «СН плюс» пагаварыла з філосафам Паўлам Баркоўскім.

— За лістапад затрыманы мінімум 354 чалавекі — па 11 чалавек у дзень; у спісе экстрэмістаў 2117 чалавек, у спісе тэрарыстаў — каля тысячы чалавек. Праваабаронцы кажуць пра новы віток рэпрэсій. Чым можна патлумачыць раскручванне махавіка, калі для ўтрымання ўлады — а гэта асноўная задача рэжыму — досыць існуючага ўзроўню? Ці ўжо не хапае?

— У цяперашняй сітуацыі цяжка сказаць, чаго дастаткова, каб улада адчувала сябе ўпэўнена. Бо насамрэч сітуацыя і не надта стабільная, і не надта прадказальная на бліжэйшы час.

Калі казаць пра знешнія пагрозы, то яны відавочныя: улада не разумее, як вырвацца з украінскага пытання, як непасрэдна не ўступіць у вайну, бо яна не надта сябе бачыць у якасці актыўнага ўдзельніка, хаця, натуральна, з’яўляецца хаўруснікам Пуціна.

Па-другое, сітуацыя ўнутры краіны. Вертыкаль дасюль адчувае, што большасць людзей з’яўляюцца яе натуральнымі супраціўнікамі, чым і тлумачацца ўсе рэйды па прадпрыемствах, сталічных ці рэгіянальных кампаніях, дзе шукаюць тых, хто падпісваўся не за тых кандыдатаў, выходзіў на плошчы ці вуліцы, мае нейкую сімволіку. Улада вядзе сябе фактычна як акупацыйны ўрад. І для яе насамрэч няма мінімальных узроўняў страху ці рэпрэсій. Сітуацыя такая, што чым больш рэпрэсій, тым больш упэўнена ўлада сябе адчувае. Хаця ўпэўненасць гэтая ілюзорная.


— Што дае рэжыму ўзмацненне рэпрэсій: адчуванне ўласнай бяспекі, пачуццё кантролю над сітуацыяй? Якія чыннікі кіруюць рэжымам?

— Самыя натуральныя псіхалагічныя чыннікі. Па-першае, у высокіх кабінетах пераконваюцца, што маюць сілы нагнятаць страх на супернікаў, што хаця б нейкім чынам яны кантралююць працэсы праз гвалт і страх. І адпаведна, паколькі рэжым не мае нейкіх пазітыўных прапаноў для грамадства, вымушаны ўвесь час прыбягаць да аргумента бізуна, каб трымаць людзей у падпарадкаванні. Такая стратэгія мае толькі адзін варыянт развіцця — змяншэння рэпрэсій ён не прадугледжвае.

— А рэпрэсіўныя практыкі змяняюцца ці засталіся ранейшымі?

— Здаецца, асабліва нічога не памянялася. Канешне, трошкі менш стала адкрытага гвалту, з якім сутыкнуліся ў жніўні 2020 года ці трохі пазней. Але мы насамрэч не ведаем, што адбываецца за сценамі ізалятараў, турмаў, калоній, якія катаванні прымяняюцца там — да нас даносяцца толькі пагалоскі, прычым у асноўным ад публічных людзей. Відавочна, гэта не ўся інфармацыя пра тое, што адбываецца ў катавальнях.

Таму, думаю, узровень гвалту не памяншаецца ў параўнанні з папярэднімі часамі, а інтэнсіўнасць трошкі нарастае. Тут, як з наркотыкамі: чым больш іх прымаеш, тым большая залежнасць, тым большай павінна быць новая доза, каб адчуць гэтую эйфарыю — эйфарыю таго, што ты ўсё можаш, што табе ўсё падуладна і што ты насамрэч штосьці значыш.


— Зараз ізноў пачалі хапаць за «няправільныя каментары». Практыка не новая: дзясяткі беларусаў асуджаны, напрыклад, «па справе Зельцэра»...

— Трэба зразумець такі псіхалагічны момант.

Смерць любога прадстаўніка рэжыму, тым больш значнай фігуры — гэта відавочна знак слабасці. Знак слабасці для прыхільнікаў сістэмы і для яе супраціўнікаў. Таму тыя рэпрэсіі, якія праводзяцца, так бы мовіць, у гонар памерлых — сімвалічны жэст. Ён важны для супакаення прыхільнікаў і застрашвання апанентаў.

Што да вашай згадкі пра папярэдні гучны выпадак: сілавікі пасля яго пэўны час нават баяліся заходзіць у кватэры беларускіх грамадзян і выклікалі ледзь не «Альфу», каб «закрыць» чарговую пенсіянерку.

Рэакцыя была празмернай. Гэта паказвае, што страх ёсць і ў прыхільнікаў рэжыму, можа быць, і не меншы, чым у астатніх; часам яны ратуюцца алкаголем, нездарма і публічна з’яўляюцца нападпітку. То-бок рэпрэсіі павінны нагадаць прыхільнікам рэжыму, што нягледзячы на страты мы ўсё адно застаемся моцнымі, сілай мы можам трымаць усіх у страху.

Гэта патрэбна найперш сваім. А чужым павінна паказаць: хаця леў і памёр, але ён яшчэ можа кусацца. Целы ворагаў вельмі матывуюць: нездарма яшчэ ў Сярэднявеччы існавала такая мода — вывешваць загінулых злачынцаў на ўсеагульны агляд, каб паказаць, наколькі кантралюецца сітуацыя ў краіне. Тое самае і тут: калі хтосьці з прыхільнікаў рэжыму памірае, у яго супраціўнікаў з’яўляецца адчуванне, што рэжым не назаўсёды. Што ён таксама мае слабыя бакі, адпаведна, на яго можна ціснуць далей. Таму гэтыя рэпрэсіі закліканы забіць такую надзею.