Як ратуюць птушак і звяроў у цэнтры выратавання дзікіх жывёлаў

Цяпер у цэнтры выратавання дзікіх жывёлаў «Сірын» жывуць каля 50 звяроў і птушак, піша Радыё Свабода. Усіх птушак і звяроў, хто мае шанец на жыццё на прыродзе, падлечваюць і адпускаюць.

dd3d4c77_eb3f_4149_af1c_0d29eb1fa255_w1023_r1_s.jpg

Нахабны янот Нафаня, які раней быў чыімсці гадаванцам. Але яго ў пераносцы падкінулі ў прытулак для свойскіх жывёлаў. Палахлівая ліса Пудра, якую выкупілі са зверафэрмы да таго, як яна стала камусьці футрам. Крумкач Квазімода з паламанымі крыламі. І хітры бусел, якога ўжо даўно выпусцілі на свабоду, але ён завітвае час ад часу падкарміцца задарма. А таксама пару дзясяткаў іншых, каму нават і імёнаў не даюць.
«Навошта, яны ж не нашы, яны дзікія», — тлумачыць кіраўніца цэнтру Ірына Траяноўская. Супрацоўніца ж цэнтру Настасся кажа, што так мо і прасцей, тады не прывязваешся. І калі надыходзіць час адпусціць жыхароў цэнтру на волю, то самім лягчэй.
Усіх птушак і звяроў, хто мае шанец на жыццё на прыродзе, падлечваюць і адпускаюць — здабываць сабе харчаванне самім і жыць звычайным жыццём на волі.


«Мы яе забіраем. Я ж не магу стаяць і глядзець, як яна ляжыць і памірае. А потым выплочваем штрафы».

Ірына Траяноўская расказвае, што беларускае заканадаўства не дазваляе самім браць дзікіх жывёлаў з прыроды. На яе думку, гэта мо і не кепска. Прынамсі, мода забраць дадому лісічку ці саву без прычыны не павінна падтрымлівацца на дзяржаўным узроўні. Але ратаваць дзікіх жывёлаў з такімі правіламі становіцца няпроста.
Для гэтага, паводле закону, трэба пазваніць у МНС, пасля чаго спецыяльная камісія мае даць ацэнку, ці можна забіраць звяра ці птушку. У камісіях у розных раёнах уваходзяць розныя людзі: гэта і ветэрынары, і эколагі, часам старшыні сельсаветаў... А ў іх бываюць выходныя, святы, іншая праца...
«Нешта рацыянальнае ў гэтым ёсць. Вось нясуць нам зайчанятак малых. А іх не трэба было забіраць. Іхная мама бегала цэлы дзень, але вернецца. А людзі гадзіну пастаялі, паглядзелі — і давай забіраць-ратаваць».
Але з другога боку, супрацоўніцы «Сірын» расказваюць і іншыя сытуацыі. Калі камісіі едуць па 3-4 дні. Жывёлы за гэты час проста гінуць на вачах у людзей, якія не могуць нічым дапамагчы. А хто дапамагае без дакументаў, атрымлівае пасля штрафы.
Неаднаразова плаціў іх і цэнтар «Сірын». Пры тым, што яны самі жывуць з ахвяраванняў і невялікага заробку (жывёлаў часам здымаюць у фільмах і рэкляме).