Як спыніць прыніжэнне бел-чырвона-белага сцяга?

Законапраект без грамадскай кампаніі ў яго падтрымку, у падтрымку бел-чырвона-белага сцяга, застанецца пустой паперай.



1526881699_sciah_2010_01_1_logo.jpg

Падтрымаць  законапраект, каб спыніць прыніжэнне бел-чырвона-белага сцяга і рэпрэсіі супраць людзей, якія яго выкарыстоўваюць у Беларусі, заклікае БХД.

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі выказаўся з нагоды кампаніі ў падтрымку бел-чырвона-белага сцяга:

“Беларускія хрысціянскія дэмакраты разам з Паўлам Белавусам і Арт-Сядзібай рыхтавалі прэзентацыю законапраекта аб ахоўным статусе бел-чырвона-белага сцяга, сустаршыня БХД Вольга Кавалькова адрэдагавала перададзены Ганнай Канапацкай чарнавік законапраекта, гісторык Аляксандр Кур'яновіч стаў аўтарам абгрунтавання да законапраекта, без якога немагчыма далейшая праца з заканадаўчымі органамі па яго прыняцця.

І на прэзентацыі мы стараліся запрасіць і даць слова ўсім, хто так ці інакш зрабіў свой унёсак ва ўзвялічванне нацыянальнага сцяга з 1990-х гадоў і да нашых дзён.

Асабіста я ўпэўнены, што без ініцыятывы Змітра Дашкевіча два гады таму ў падтрымку сцяга, калі было сабрана болей за 10.000 подпісаў, актуалізацыя гэтага пытання зараз была б проста немагчымая.

Аднак красці чыюсьці інтэлектуальную ўласнасць — гэта ганебны ўчынак. Шкада, што ініцыятыва ананіма, які быў адным з аўтараў першапачатковага тэксту і даслаў яго Ганне Канапацкай, не была адзначаная.

Я не думаю, што ў каманды Ганна Канапацкай быў такі намер. Перакананы, што калі б былі кантакты, то яго абавязкова б запрасілі.

Прынамсі мы, як арганізатары прэзентацыі, абавязкова далі б магчымасць яму выступіць.

Гэта добры прыклад, калі ініцыятыва аднаго чалавека можа выліцца ў законапраект. Спадзяюся, гэта натхніць многіх актыўных беларусаў.

У Беларусі, на жаль, няма свабодных выбараў, няма абраных парламентарыяў, чыноўнікі не залежаць ад людзей.

Таму сам законапраект без грамадскай кампаніі ў яго падтрымку, у падтрымку бел-чырвона-белага сцяга, застанецца пустой паперай.

Мы будзем працягваць кампанію ў падтрымку законапраекта, мы таксама будзем заклікаць прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў, якія раней выказваліся ў падтрымку нацыянальнай сімволікі, падтрымаць гэты законапраект, каб спыніць прыніжэнне бел-чырвона-белага сцяга і рэпрэсіі супраць людзей, якія яго выкарыстоўваюць у Беларусі.

Гэта наша агульная справа, справа беларускага гонару. Спадзяюся што гэтая кампанія з’яднае многіх людзей і закон будзе прыняты”.

 bchd.info