Павел Севярынец: Папраўкі — гэта ўдасканаленне, але не закону, а рэпрэсіяў

Сустаршыня БХД Павел Севярынец пракаментаваў прэс-службе Беларускай хрысціянскай дэмакратыі новыя праўкі ў Крымінальны кодэкс, перададзеныя ў Палату прадстаўнікоў.

Павел Севярынец на Маршы абураных беларусаў. 17 лютага 2017 года. Фота Арцёма Лявы

Павел Севярынец на Маршы абураных беларусаў. 17 лютага 2017 года. Фота Арцёма Лявы

— Некаторыя аналітыкі ды СМІ паспяшаліся з нагоды паправак у Крымінальны кодэкс абвесціць чарговую лібералізацыю. Усё з дакладнасцю да наадварот. Як характэрны прыклад возьмем крымінальны артыкул 193 — "Аб дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі", які пагражаў і пагражае сябрам БХД.

Артыкул 193 нібыта выводзяць з Крымінальнага кодэксу — але пераводзяць у Адміністрацыйны з санкцыяй непамерных штрафаў. І калі на працягу апошніх 10 гадоў гэта быў такі "дамоклаў меч", што вісеў па-над кожным "незарэгістраваным" актывістам, але не прымяняўся — то цяпер гэта будзе нагода для пастаянных вялізных (50 базавых — гэта каля 600 долараў!) штрафаў.

Іншымі словамі — цяпер замест пагрозы турмы за пост у сацсетках ці ўлётку сябрам апазіцыйных арганізацыяў прапануюць узаконенае рабаванне. Пару такіх штрафаў — і большасці беларускіх актывістаў давядзецца сутыкнуцца з канфіскацыяй маёмасці, даўгавымі ямамі ды жабрацтвам.

Насамрэч, гэты дзікі абсурд — пакаранне "за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі" — неабходна адмяніць раз і назаўжды, — кажа Павел Севярынец. — Заходнія палітыкі не павінныя заплюшчваць вочы на бандытызм рэжыму Лукашэнкі. Папраўкі — гэта не ўдасканаленне закону, а ўдасканаленне рэпрэсіяў.

 bchd.info