Як вярнуцца да працоўнага рытму пасля святаў: практычныя парады

Святочныя вакацыі, збой звыклага рэжыму — вельмі патрэбная і карысная рэч. Нездарма ж яшчэ са старажытных часоў ва ўсіх культурах існуе «карнавальны» час, калі адмяняюцца правілы і ўсталяваны рытм. Гэта час «перазагрузкі» мозга і пазбаўлення ад назапашанай псіхалагічнай стомы, час аднаўлення рэсурснага стану чалавека.

animals___cats_cat_on_a_background_of_trees_094075_29.jpg

Але вось сціхае святочная мітусня, заканчваюцца баляванні, паходы па сябрах і прыёмы гасцей — трэба вяртацца да свайго звычайнага працоўнага рэжыму. І калі сама думка пра гэта псуе вам настрой і замінае напоўніцу адпачываць на святочных вакацыях, гэты матэрыял для вас. Budzma.org падрыхтавала некалькі нескладаных, але дзейсных парадаў, як вярнуцца да звыклага рытму жыцця пасля працяглых святаў.

Парада 1: аднавіце свой рэжым дня

Звычайна святочны расклад дня значна адрозніваецца ад будзённага: рэжым сну, харчавання, заняткі — усё гэта іншае. Таму першым крокам да «вяртання» ў звыклы рытм будзе аднаўленне свайго рэжыму дня. Варта нават прапісаць асноўныя кропкі: час класціся спаць і падымацца, час прыёмаў ежы і г. д. Аднаўляем усё паступова: спачатку лепш аднавіць рэжым сну. Прычым пачынаць варта з засынання (вельмі складана падымацца ў звыклы час, калі кладзешся на пару гадзін пазней).
Калі арганізм ужо прызвычаіўся класціся нашмат пазней і вам ніяк не заснуць у звыклыя 22.00, то ўсё адно адпраўляйцеся ў ложак. Вазьміце не вельмі цікавую кнігу (як варыянт — уключыце якую-небудзь «гісторыю філасофіі» ў аўдыяфармаце і ўсталюйце таймер).
Каб аднавіць звычайны час пад’ёмаў, плануйце на ранак прыемныя кароткатэрміновыя справы. Напрыклад, калі вы аматар кветак, заплануйце іх паліў. Таксама дапаможа хутчэй прачнуцца і прыйсці ў працоўны стан вясёлы танец (можна пад відэа з карпаратыву) альбо гульні з хатнімі гадаванцамі.
Пасля аднаўляйце рэжым прыёмаў ежы. Не абавязкова адразу на кухню хадзіць толькі па гадзінніку, але ж кожны дзень старайцеся есці ўсё бліжэй да звыклага вам часу.
І напрыканцы — аднаўляйце звыклыя заняткі, пачынаючы з умывання і чысткі зубоў.

Парада 2: расстаўце прыярытэты

Звычайна святы «выбіваюць» са звыклага жыцця па ўсіх кірунках: расклад дня, працоўныя абавязкі, сямейныя стасункі, гаспадарчыя клопаты, заняткі спортам, ранішнія прабежкі... Аднавіць свой рэжым па ўсіх напрамках адразу — досыць складаная задача. Таму варта расставіць прыярытэты па ўсіх сферах жыцця, якія былі закранутыя святамі, і пачынаць аднаўленне паступова — па адным кірунку за раз.
Падумайце, што для вас на дадзены момант самае-самае? Аднавіць сябе як прафесійнага супрацоўніка ці стараннага студэнта? Ці вярнуцца да ролі клапатлівых бацькоў? А, можа, самае важнае пасля святаў — вярнуцца да трэніровак ці творчай працы?
То і скіроўваем усе свае намаганні на гэты кірунак, аднаўляючы яго за дзень-два. Пасля бярэмся за наступны. І так цягам тыдня вы вернецеся да звыклага рытму жыцця без асаблівага стрэсу для сябе.

Парада 3: актуалізуйце свае святы

Гэта значыць — дайце ім лагічнае завяршэнне, каб паставіць птушачку «скончана» і пайсці далей.
Тут могуць быць розныя падыходы. Напрыклад, можна скласці спіс таго, што вы зрабілі з запланаванага на святочныя вакацыі (наведалі бацькоў, схадзілі з сябрамі на каток, запрасілі каханую/каханага ў кіно і г. д.). Магчыма, ёсць нейкія справы, што вы не паспелі выканаць. Таксама адзначце іх. Але з пазначкай — «на наступныя святы». Не варта засяроджвацца на негатыве. Калі нешта не атрымалася з таго, што вы хацелі, — гэта не нагода для суму, а перспектыва і «кропка росту».
Вылучыце самыя яркія моманты і прыемныя для вас рэчы. Нават калі вам падаецца, што святы прайшлі бязглузда, бессэнсоўна і нецікава. Добра парыйцеся ў памяці і выцягніце з яе нешта прыемнае, радаснае. Нават самую дробную дэталь, якая выклікала ў вас усмешку. Яшчэ раз пражывіце радасць ад гэтых момантаў і складзіце ў сваю «скрыню ўспамінаў».
Таксама файнай актуалізацыяй святаў стане прыборка ў хаце. Расстаўце ўсё па сваіх месцах, памыйце падлогу, папрайце святочны абрус, здыміце ўпрыгожанні і схавайце іх да наступнага разу.

Парада 4: вярніцеся да звыклай ежы

Таксама святы вельмі моцна мяняюць наш звыклы рацыён. Даяданне святочных салацікаў-торцікаў-заліўнога — гэта, канечне, справа патрэбная. Але ж калі вы хочаце хутчэй вярнуцца да звычайнага рытму жыцця, то варта вярнуцца і да звыклай ежы.
На паслясвяточны перыяд можна нават і дыетычны стол сабе зрабіць на дзень-другі. Але ж занадта рабіць націск на дыетычную кухню не трэба, каб не выклікаць дадатковы стрэс у арганізма. Вельмі добра зараз пойдуцць наварыстыя булёны, юшка, кашы.
А каб яшчэ хутчэй прыйсці да працоўнага стану, варта паклапаціцца пра дастатковае забеспячэнне сябе вітамінамі. Асабліва актуальнымі цяпер будуць вітаміны С і D.
І не забывайцеся на дастатковую колькасць пітной вады. На каву і чорную гарбату лепш не націскаць. Звычайная вада альбо травяныя ўзвары дапамогуць хутчэй вярнуцца да працоўнага рэжыму.

Парада 5: складзіце спіс спраў

Каб падбадзёрыць сябе пасля святаў і настроіць на працоўны лад, можна скласці спіс спраў. Хаця б на бліжэйшы тыдзень. Планаванне — увогуле карысная для мозга рэч. Яно дапаможа хутчэй перастроіцца ад адпачынку да працы, а таксама структуруе і прыярытэзуе справы, якія назапасіліся падчас святочных вакацый. 
Але варта памятаць пра паступовае вяртанне да працоўнага рытму і не перагрувашчваць свой спіс. На першы тыдзень пасля адпачынку сплануйце прыкладна 60–70 % ад вашага звычайнага аб’ёму спраў. Бо пасля адпачынку і адпачыць жа трэба!
Вікторыя Лебедзева, budzma.org