Яну Пінчук этапавалі ў Беларусь. Ёй пагражае да 20 гадоў зняволення за адміністраванне чата

Расія выдала Беларусі Яну Пінчук, абвясціла Генпракуратура Беларусі. Дзяўчына знаходзіцца ў СІЗА Віцебска.

jana_pinczuk_1.png

Крымінальную справу Яны Пінчук вядзе Віцебскі гарадскі аддзел Следчага камітэта, паведамляюць праваабаронцы.

24-гадовай Яне Пінчук, якая жыла ў Расіі, у Беларусі завочна прад'явілі абвінавачванне па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, у тым ліку абвінавацілі ў экстрэмізме, распальванні сацыяльнай варожасці і закліках да захопу ўлады, стварэнні экстрэмісцкага фарміравання. Ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі за тое, што была адміністратаркай «экстрэмісцкага» тэлеграм-чата «Віцебск 97%».

Яну затрымалі ў Санкт-Пецярбургу ў лістападзе мінулага года і змясцілі ў СІЗА. Камітэт па правах чалавека ААН прасіў расійскія ўлады ўстрымацца ад выдачы Пінчук Беларусі да разгляду яе скаргі па сутнасці і даць ёй доступ да ўнутраных працэдур прадастаўлення прытулку. Нягледзячы на гэта, расійскі суд пастанавіў экстрадзіраваць дзяўчыну.

З этапа ў Беларусь Яна напісала ліст сваякам, які быў датаваны 14 жніўня. З ліста можна зрабіць выснову, што этапаванне з Пецярбурга ў Яраслаўль заняло чатыры дні. Далей Яну павінны адправіць у Смаленск, а адтуль у Беларусь. Яна пісала, што яе этапуюць у сталыпінскім вагонзаку, у яе баліць рука пасля пераноскі сумак.