“Яшчэ з тыдзень пратрымаемся” — сотні вёсак засталіся без святла пасля ледзянога даджджу
У Асіповіцкім раёне людзі жывуць без электрыкі ўжо чацвёрты дзень.
Ад Асіповічаў да вёскі Паплавы — 10 кіламетраў. Ужо тры дні тут жывуць “як пры царах — з лучынай у хаце”.
“Раніцай у аўторак святло двойчы мільганула, і больш ужо не было, — кажуць гаспадары крайняй хаты ў Паплавах. — А чаму, я не ведаю, ніхто нам не казаў”.
Пад Асіповічамі прынамсі ў пяці вёсках не было электрыкі ўвечары ў чацвер. Калі яе адновяць ды што робіцца ў суседніх вёсках, самі жыхары пыталіся ў карэспандэнтаў.
“Сувязі ж у нас няма ніякай. Тэлефоны мабільныя разрадзіліся, і сотавыя вышкі таксама без электрыкі стаяць: няма сігналу”.
Ніхто з мясцовых уладаў сюды не прыязджаў ды не тлумачыў, у чым справа. Пагатоў невядома, калі ўсё паправяць: да дыспэтчарскай электрасетак не датэлефанавацца. Рэгулярна “з гораду” сюды прыязджае толькі аўталаўка. Але свечак ці ліхтарыкаў, патрэбных у гэтай сітуацыі, там не прадаюць.
“Трэба, каб вы пра старшыню нашага напісалі, — просяць жыхары. — Калі не трэба, дык ён увесь час да нас прыдзіраецца. А дзе ён цяпер?”
Марыя Антонаўна, 78-гадовая жыхарка Паплавоў, не ўзгадае, каб тут хоць раз адключалі святло так надоўга. У 1961 годзе тут з’явілася электрыка, і адключэнні былі не даўжэй чым на суткі.
“Часта бывала, на падстанцыі нешта псавалася. Але назаўтра ўжо ўключалі, — кажа Марыя Антонаўна. — Ніхто не звоніць нічогачкі. Вось у мяне малая батарэечка (ліхтарык), хаджу з батарэечкай”.
Абарваныя электрадроты валяюцца проста на двары
Аварыя здарылася праз масавы павал дрэваў. Пасля моцнага дажджу ў аўторак адразу ўдарылі моцныя маразы, і ўсё абледзянела. Дрэвы пад ільдзяной коркай сталі выгінацца. Асабліва — гнуткія бярозы, яны шмат дзе паваліліся на лініі электраперадач.
У вёсцы Мязговічы, напрыклад, галіна бярозы ўпала на правады каля адной з вясковых хат. Шматдзетная маці, у чыім двары валяюцца дроты, цяпер баіцца выпускаць дзяцей на вуліцу.
“Я дзяцей на руках праз двор пераношу, — кажа кабета. — Вось адна лінія ляжыць на маім плоце, і я не ведаю, што з гэтым рабіць. Ніхто да нас дагэтуль не прыязджаў”.
“Я лесніком раней працаваў, а такога ніколі не назіраў, — распавёў Уладзімер Шульга, мясцовы жыхар. — Ветравалы былі, але такога — ніколі. Бярозы спрэс усе падаюць. Вось там пасадка за вёскай — усе дрэвы склаліся”.
“Каб вы ўчора прыехалі, дарога да Мязговічаў была як метро, — расказаў Юры Адамавіч, мясцовы ляснік. — Метраў 200 было, што бярозы сышліся над дарогай, такі тунэль утварыўся. Мы іх валялі трактарам ды сцягвалі”.
У аўторак, у дзень ледзянога дажджу, Юрыя Адамавіча адпусцілі дамоў толькі каля поўначы — усе леснікі прыбіралі паваленыя дрэвы. Калі ў суботу прыйдзе новая абяцаная сіноптыкамі завіруха з мокрым снегам, адключэнні святла могуць паўтарыцца, лічыць ён.
Два гады таму адключылі радыёкропкі, вось цяпер зусім бяз сувязі засталіся
Без электрыкі клопату людзям нарабілі лядоўні. Гаспадары выносяць ежу ў вёдрах на вуліцу. На шчасце, тэмпэратура пакуль мінусавая і без лядоўні можна абысціся.
Сувязь таксама знікла пасля таго, як селі батарэі ў мабільных тэлефонах. Стацыянарныя тэлефоны працуюць, але шмат дзе старую тэлефонную лінію замянілі на бесправадную.
“Мы дык нічога не ведаем, — кажа Аляксандар Дамарад, жыхар Мязговічаў. — радыёкропку яшчэ два гады таму абрэзалі, а прыёмнік ад электрасеткі працуе”.
Увечары ён сядзіць са свечкай да 8-й гадзіны, а потым кладзецца спаць. Засталося толькі дзве свечкі. Кажа, на адны суткі хопіць.
Галіна Міхайлаўна, пенсіянерка з Асіповічаў, называе сябе й свайго мужа “дачнікамі”, што жывуць у Дубралёве. Яны маюць шмат ліхтароў, якія сілкуюцца ад электрыкі. Пакуль святла на вячэрнія размовы хапае.
“Як надакучыць балбатаць, узгадваць маладосць, так і кладземся. Учора а 9-й леглі”, — кажа яна.
“Святла няма — хоць якая разнастайнасць”
Вёскі без электрыкі афіцыйна названыя раёнамі бедства, але людзі, з якімі гаварыла Свабода, настроеныя даволі пазытыўна. Шмат хто кажа, што без святла складана, але ніхто не панікуе. Спрацоўвае прынцып “Магло быць і горш”.
На фермах, якія таксама засталіся без электрыкі, не працавалі даільныя апараты й малакаправоды. Дзесці, кажуць, каровы праз гэта стаялі нядоеныя. Дзесці спрабавалі даіць уручную.
У параўнанні з гэтымі праблемамі не так і страшна, што ўвечары святла няма, кажа жыхарка Мязговічаў. Яна з мужам жыла ва Ўзбекістане і памятае, як там умовы былі яшчэ горшыя.
“А што тут здзіўляцца? — кажа яна. — Нічога тут страшнага няма. Я выдатна абыходжуся, не пакутую. У іншых рэспубліках людзі месяцамі жывуць без святла. Каму нешта не падабаецца, я іх пасылаю ва Ўзбекістан. У параўнанні з імі мы як у раі жывем”.
Былы ляснік Шульга з Мязговічаў кажа, што аварыя нават карысная. Маўляў, людзі не павінны забывацца, як жыць без выгодаў.
“Значыць, трэба быць гатовымі да ўсяго. Чаму ў нас генератараў няма? Зараз будуць дбаць і пра гэта”.
Галіна Міхайлаўна з Дубралёва дык увогуле кажа, што з адключаным святлом “цікавей” стала. А яе муж гатовы ў такіх умовах жыць і цэлы тыдзень.
“Святла няма — хоць якая разнастайнасць”, — кажа Галіна Міхайлаўна.
P.S.: Паводле інфармацыі "Белэнэрга", на раніцу пятніцы без электрычнасьці заставаліся населеныя пункты толькі ў Старадарожскім і Любанскім раёнах. Але прынамсі некалькі вёсак дагэтуль не маюць электрыкі ў Асіповіцкім раёне.
Паводле: svaboda.org