Юрый Лявонаў: Цяпер я цалкам на свабодзе

У дачыненні да аднаго з фігурантаў справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Юрыя Лявонава спынены крымінальны пераслед. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка застаюцца ў следчым ізалятары ад 8 лютага. Іх абвінавачваюць па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).



a0872cc5b5ca4cc25076f3d868e1bdf8.jpg

У дачыненні да аднаго з фігурантаў справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Юрыя Лявонава спынены крымінальны пераслед. Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка застаюцца ў следчым ізалятары ад 8 лютага. Іх абвінавачваюць па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці).
23 чэрвеня «ў дачыненні да Аўтуховіча і іншых асоб» заведзена справа па арт. 359 Крымінальнага кодэкса (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13). Мікалай Аўтуховіч на працягу 91 дня трымаў галадоўку пратэсту, патрабуючы паскорыць разбіральніцтва справы і правесці адкрыты суд. Беларускія праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі зняволенымі. У 2006 годзе Аўтуховіч і Лявонаў былі асуджаныя, тады міжнародная супольнасць прызнала іх вязнямі сумлення.
Размову з журналісткай «НЧ» Вольгай Хвоін Юрый Лявонаў пачаў словамі: «Цяпер я цалкам на свабодзе».
 — Як думаеце, калі можна чакаць судовага працэсу над Аўтуховічам і Асіпенкам?
— Паводле маіх звестак, следства плануецца завяршыць 8 кастрычніка. Далей — матэматычны разлік: тры тыдні на азнаямленне са справай падследных, у пракуратуры справу будуць разглядаць месяц-паўтара, а затым перададуць у суд.
— Пад Новы год атрымліваецца?
— Гэта, канешне, не дакладна, але мае крыніцы гавораць, што справу хочуць як мага хутчэй перадаць у суд. Аднак нешта канкрэтнае гаварыць немагчыма, бо ў гэтым працэсе задзейнічана многа інстанцый, і невядома, як яны будуць сябе паводзіць.
— Магчыма, маеце нейкія звесткі, на чым следства будуе абвінаваўчую лінію?
— Усё трымаецца ў поўнай таямніцы. Думаю, што доказная база збіраецца па прынцыпу апытання людзей. Нехта выкажа кепскае меркаванне наконт Аўтуховіча — ідуць, размаўляюць з людзьмі. Але наўрад ці нешта з абвінаваўчых закідаў пацвярджаецца. На сённяшні дзень ёсць толькі словы — за і супраць Аўтуховіча, пра матэрыяльныя доказы мне нічога не вядома. Цяпер у мяне з’явіліся сведчанні таго, што першая справа ў 2006 годзе супраць Аўтуховіча і мяне была банальнай помстаю чыноўнікаў. І сёлетнія падзеі вельмі падобныя на тыя. Была замова на Мікалая, аднак «прэсаваць» аднаго несалідна, дык пад раздачу патрапіў я. Цяпер больш да месца прыйшоўся Уладзімер Асіпенка, вось і стварылі групу «злачынцаў». Не думаю, што ва ўсім гэтым ёсць неякі асабісты матыў, проста так атрымалася.
— Ці ёсць у вас якія-небудзь прагнозы адносна выніку гэтай справы?
— Мне хацелася б, каб Мікалая і Уладзімера вызвалілі ў залі суда, вельмі хацелася б. Але як будзе на самой справе — невядома. Хаця ёсць варыянты, мы ж не жывём у замкнёным адасобленым свеце.
— Справа досыць гучная, якія меркаванні ў жыхароў Ваўкавыску?
— Сябры падтрымліваюць, ворагаў у мяне ніколі не было. Што думаюць звычайныя жыхары, я не ведаю, бо не апытваю іх на вуліцах. У мясцовыя газеты звяртацца, каб данесці сваю кропку гледжання, бессэнсоўна, усё адно не прапусцяць.
— Чым цяпер займаецеся?
— Я зараз без працы, магчымасцяў для свайго бізнесу пакуль не бачу. Але, натуральна, недзе ж працаваць буду.
— Ці разглядаеце магчымасць пераезду ў іншую краіну? Усе гэтыя падзеі не выклікалі расчаравання ў Беларусі?
— Беларусь — харошая краіна, тут добрыя людзі, і рабіць нейкія стратэгічныя высновы з-за купкі нягоднікаў няма сэнсу. Наконт свайго пераезду пакуль не думаў.