Кадэта, які выклаў фота ў сетку, ужо адлічылі
Адзін з навучэнцаў Ястрамбельскай школы-інтэрната расказаў «Салідарнасці» пра тое, чым скончылася фотасесія кадэтаў у майках з «Пагоняй».

16 кастрычніка адзін з навучэнцаў Ястрамбельскай школы-інтэрната выклаў у суполцы «Мая краіна Беларусь» Вконтакте фота чатырох кадэтаў 3 курса, якія прадэманстравалі майкі з
«Пагоняй».
Здымак разляцеўся па сацыяльных сетках і трапіў у СМІ.
Карэспандэнт «Салідарнасці» звязаўся з адным з удзельнікаў фатаграфання. Па яго словах, учынак кадэтаў займеў наступствы: навучэнца, які апублікаваў фота, ужо адлічылі.
Астатніх рыхтуюцца адлічыць. Кадэт расказаў, што аднакласнікі «стаяць за іх да апошняга».
— Асабіста для мяне «Пагоня» — наша гісторыя. Мы павінны любіць нашу гісторыю і герб, — патлумачыў навучэнец.
Праверыць інфармацыю пра адлічэнне навучэнцаў у адміністрацыі навучальнай установы пакуль не атрымалася: тэлефоны дырэктара і яго намеснікаў не адказваюць.