Каля магілёўскай турмы галадае жанчына-інвалід, патрабуе спаткання з арыштаваным мужам

Жыхарка Слаўгараду Анжаліка Калатазішвілі другія суткі галадае каля Магілёўскай турмы № 4. 48-гадовая жанчына, інвалід 1-й групы, дамагаецца, каб ёй далі спатканне з мужам, якога два месяцы трымаюць тут у следчым ізалятары, перадае svaboda.org.

8139af14_6635_4edb_b409_2e5ea02c8537_w1023_r1_s.jpg

Яе мужу, грамадзяніну Грузіі Кахаберу Калатазішвілі, інкрымінуюць «захоўванне, ужыванне і распаўсюд наркатычных сродкаў».

«Следчы не ідзе на кантакт»

Анжаліка пісала мужу двойчы на тыдзень, але ў лістах ад яго не ўбачыла адказаў на свае пытанні. З гэтага яна зрабіла выснову, што яе лісты да мужа не даходзяць, і захацела яго пабачыць.
«Я не прашу гадзіннага спаткання. Мне будзе дастаткова пяці хвілінаў, каб пабачыць, у якім стане мой муж», — патлумачыла яна.
Аднак спаткання следчы ёй не дазволіў.
«Ён не ідзе са мною на кантакт», — сказала галадоўніца.
Пасля гэтага 25 верасня ў Слаўгарадзе яна абвясціла галадоўку. Пра сваю акцыю яна паведаміла праз электронную пошту ў адміністрацыю прэзідэнта, міністэрствы аховы здароўя і ўнутраных спраў. І 26 верасня прыехала галадаць пад браму следчага ізалятару ў Магілёве.
Ахоўнікі турмы сказалі, што нельга галадаць каля папраўчай установы, і параілі праводзіць галадоўку каля Слаўгарадскага аддзелу Следчага камітэту.
У той жа вечар у галадоўніцы моцна забалела галава — і яе забрала ад турмы «хуткая дапамога».
27 верасня яна зноў вярнулася да турмы. «Буду галадаць да апошняй магчымасці», — кажа Анжаліка Калатазішвілі.

«Мужа зняволілі праз маё змаганне за справядлівасць»

Анжаліка Калатазішвілі перакананая, што мужа пераследуюць праз яе ўпартасць.
З 2014 году яна дамагаецца ад медыкаў кампенсацыі за шкоду здароўю. Па іх віне, лічыць жанчына, яна стала інвалідам.
Яна сцьвярджае, што з-за памылковага анкалагічнага дыягназу ёй выдалілі жаночыя органы. Кажа, што мае дакументы, якія пацвярджаюць яе рацыю. Медыкі ж памылковасць дыягназу не прызнаюць. Лячэнне ад няслушнага дыягназу «забіла ныркі», — дадае Анжаліка. Яна патрабуе, каб перасадку нырак зрабілі за мяжой, бо не давярае беларускай медыцыне. Ёй жа прапануюць чакаць аперацыі на агульных падставах.
Анжаліка ў шлюбе з Кахаберам Калатазішвілі ад 2014 году. Ён грамадзін Грузіі, мае від на жыхарства ў Беларусі.
«Я мела сустрэчу з амбасадарам Грузіі, які абяцаў дапамогу, але сказаў, што ў чужой краіне мы госці», — расказала Анжаліка Калатазішвілі.
Паводле яе, прадстаўнік амбасады Грузіі мае наведаць Кахабера Калатазішвілі 27 верасня.

Анжаліка Калатазішвілі

Анжаліка Калатазішвілі



Юрыст: Даваць спатканне са зняволеным — права следчага

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка кажа: беларускае заканадаўства прадугледжвае спатканне са зняволеным падчас следства, «як права органа, які вядзе працэс».
«Гэта не абавязак, а права ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе, то бок следчы вырашае, ці даваць спатканне. Пры гэтым адмову ён не абавязаны тлумачыць, — удакладняе эксперт. — Як на мой погляд стандартам мусіць быць магчымасць зьняволенага прынамсі гаварыць з роднымі праз тэлефон, аднак, і гэта не прадугледжана. У заканадаўстве мае быць прапісаны зразумелы пералік падставаў для спынення зносін з сям’ёй, калі гэта можа паўплываць на хаду расследавання».

Амбасада Грузіі: «Займаемся гэтым пытаннем»

У амбасадзе Грузіі адмовіліся каментаваць сітуацыю са зняволеным Кахаберам Калатазішвілі, аргументаваўшы гэтым тым, што «не маюць права даваць інфармацыю пра сваіх грамадзян, якіх бароніць закон аб персанальных дадзеных, трэцім асобам». У гутарцы са Свабодай прадстаўнік амбасады зазначыў:
«Амбасада займаецца гэтым пытаннем і робіць усё магчымае для абароны нашага грамадзяніна».