Камунікацыя непазбежна: у БДУ стартуе новы сезон праекта «Акадэмія камунікацыі»

«Акадэмія камунікацыі» – гэта нефармальныя інтэрактыўныя заняткі аб паблік рылейшнз, мастацтве публічных выступаў, брэндынгу, SMM, арганізацыі мерапрыемстваў і іншых праявах камунікацыйнай дзейнасці. Праект арганізуецца 12-ы год студэнтамі спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» факультэта журналістыкі БДУ.

77mttzlomry.jpg


Першыя заняткі сезону на тэму «З парога ў камунікацыю. Лепшыя камунікацыйныя кейсы 2018 года» пройдуць 18 кастрычніка ў 18:15 на Кальварыйскай, 9 – факультэт журналістыкі БДУ. У першай частцы заняткаў студэнты з каманды арганізатараў разам са слухачамі прааналізуюць лепшыя беларускія кейсы гэтага года. Другая частка сустрэчы – выступ запрошанага спікера. 18 кастрычніка ім стане дырэктар па сувязях з грамадскасцю Wargaming у СНД Іван Кузняцоў, які раскажа пра арганізацыю Дня танкіста і ў фармаце інтэрактыўнай дыскусіі адкажа на пытанне аўдыторыі.
Слухачамі заняткаў праекта запрашаем стаць студэнтаў, школьнікаў, маладых спецыялістаў – усіх, хто цікавіцца камунікацыяй. Уваход вольны, пасля папярэдняй анлайн-рэгістрацыі.
Крэатыўная канцэпцыя 12-га сезону «Акадэміі камунікацыі» перанясе слухачоў у камунальную кватэру. «У камуналцы пазбегнуць камунікацыі не атрымаецца. Суседзі знаёмяцца, гутараць, вырашаюць канфлікты – удзельнічаюць ва ўсіх формах камунікацыі, і кожную з іх можна сустрэць у пакоях нашай камунальнай кватэры. На занятках «Акадэміі камунікацыі» мы разам з практыкамі-спікерамі раскажам, як пры дапамозе камунікацыі навучыцца не толькі наладзіць зносіны і выступаць публічна, але і прасоўваць ідэі і брэнды. Час займаць пакоі!» – кажа студэнтка 3-га курса Ксенія Ганчарык, прадстаўніца каманды арганізатараў.

afisha_akademii_kommunikatsii_1.png


«Акадэмія камунікацыі» праходзіць у фармаце «роўны вучыць роўнага»: яе арганізуюць і вядуць студэнты 3-га курсы спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» факультэта журналістыкі БДУ. Куратар праекта, выкладчык кафедры тэхналогій камунікацыі Лікія Яніцкая адзначае асаблівасць 12-га сезону: «Мы пастараемся зрабіць так, каб заняткі новага сезону не абмяжоўваліся фарматам лекцый ад студэнтаў і запрошаных спікераў. У гэтым годзе слухачы змогуць паўдзельнічаць у трэнінгах, ток-шоу, дыскусіях і дэбатах пра трэнды ў камунікацыі, вырашыць камунікацыйныя задачы рэальных беларускіх кампаній».
Праект складаецца з дванаццаці заняткаў, якія будуць праходзіць з 18:15 па 20:00 у чацвер кожныя два тыдні. Па завяршэнні курса пастаянным слухачам «Акадэміі камунікацыі» ўручаць сертыфікаты. За навінамі праекта сачыце ў групе мерапрыемства.
Студэнцкі адукацыйны праект «Акадэмія камунікацыі» ініцыіраваны кафедрай тэхналогій камунікацыі факультэта журналістыкі БДУ ў 2007 годзе. Яго мэта – папулярызаваць веды пра камунікацыю і прасоўваць цікаўнасць шырокай грамадскасці да камунікацыйнай сферы ў Беларусі.
Па дадатковую інфармацыю звяртайцеся, калі ласка, да Аляксандра Дабранава (+375 33 3025336; alexdobranof@gmail.com) ці Дыяны Пацехінай (+375 29 1393903; dayanapotehina@gmail.com).