Канапацкая пікетуе Дом ураду, каб у Беларусі ўвялі каранцін (відэа)

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая 16 сакавіка ладзіць адзіночны пікет каля Дому ўраду ў Мінску. «Свабода» зладзіла відэатрансляцыю з плошчы. 

Кадр з відэа

Кадр з відэа


Мэта пікету Ганны Канапацкай — увядзенне каранціну і закрыццё беларускіх межаў праз каранавірус.


«Я лічу, што яшчэ ўчора трэба было прымаць больш рашучыя захады, каб спыніць пашырэнне эпідэміі вірусу. Калі на гэта пайшлі ўсе развітыя краіны свету, узровень аховы здароўя ў якіх вышэйшы за Беларусь, то напэўна Беларусі не трэба было заставацца ў баку», — сказала Канапацкая.

Паводле Канапацкай, каранцін мае на ўвазе не толькі сацыяльную ізаляцыю, але і адказнасць кожнага, а таксама закрыццё межаў. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе не закрылі авіязносіны з краінамі, дзе абвясцілі каранцін, сказала Канапацкая.

Падчас пікету Канапацкая 12 секунд пратрымала плакат «Каранцін! Covid-19». На плошчы Незалежнасці палітык знаходзілася каля 10 хвілін. Яна сышла ад Дому ўраду пасля заўвагі міліцыянта, «каб не нарывацца».

«Я лічу, што ў прынцыпе, калі сёння гэта сёння не прынясе плёну, то можа заўтра пасля заўтра. Можа быць, заўтра мы павінны быць з вамі ў масках, каб паказаць, што мы не проста кажам, а робім меры, каб гэта спыніць», — сказала Канапацкая.
www.svaboda.org