Кожны пяты беларус дае хабар чыноўнікам
Беларусы не лічаць карупцыю адной з самых вялікіх праблем у краіне, хоць і прызнаюць, што ўлады змагаюцца з ёй недастаткова.
Кожны пяты жыхар Беларусі, або 20% грамадзян краіны, за апошні год даваў хабар пры звароце за дзяржаўнымі паслугамі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе «Барометр сусветнай карупцыі» міжнароднай арганізацыі Transparency International.
У цэлым у свеце хабар чыноўнікам даваў амаль кожны чацьвёрты жыхар планеты, у тым ліку 38% жыхароў Украіны, 34% — Расіі, 24% — Літвы, 15% — Латвіі, 7% — Польшчы.
Пры гэтым Беларусь знаходзіцца сярод краін, жыхары якіх менш за ўсё гатовыя сведчыць аб хабарніцтве. На гэта згодныя менш за 10% тых беларусаў, хто даваў хабар. Крыху больш жыхароў краіны лічаць прымальным распавядаць пра факты карупцыі.
У цэлым жа беларусы, згодна з дакладам, не лічаць карупцыю адной з самых вялікіх праблем у краіне, хоць і прызнаюць, што ўлады змагаюцца з ёй недастаткова.
Паводле беларускай службы Польскага радыё