Ксяндза Вячаслава Барка выклікалі ў Следчы камітэт
У СК Вячаслаў Барок даў Следчаму камітэту пісьмовыя тлумачэнні, дзе засведчыў, што гэта «клопатная справа — весці YouTube у Беларусі і прапаведаваць», паведамляе «Радыё Рацыя»
Вячаслаў Барок вядзе свае блогі на YouTube, Facebok і Instagram. Апошнім часам ён выказваўся на актуальныя тэмы — пра гвалт з боку міліцыі ў Беларусі, прыроду агрэсіі, стаўленне каталіцкай царквы да розных ідэалогій.
«Следчага цікавілі мае выказванні ў блогу, размяшчэнне ў Instagram працы Уладзіміра Цэслера „Стоп лукашызм”. Ён сказаў, што я выкліканы як сведка па справе, якой пакуль няма. Следчы прызначыць лінгвістычную экспертызу маіх выказванняў», — распавёў святар БелаПАН.
У СК Барок даў пісьмовыя тлумачэнні, дзе засведчыў, што гэта «клопатная справа — весці YouTube у Беларусі і прапаведаваць». Ён таксама патлумачыў, што «інструкцый з Варшавы на развал краіны» ён не атрымліваў, а інтэрнэтам карыстаецца, таму што так раіў папа Францішак — «найлепшы папа, на думку аднаго эксперта, які бачыў шмат папаў» (маюцца на ўвазе выказванні Аляксандра Лукашэнкі. — БелаПАН.).
Святар таксама пазначыў, што фашызм і камунізм былі асуджаныя энцыклікамі папы Пія XII як ілжывыя вучэнні, таму ён, Вячаслаў Барок, выступае супраць гэтых ідэалогій.
Паводле www.racyja.com, belapan.by