Ксяндзу Барку прысудзілі 10 дзён арышту за публікацыю выявы Цэслера «Стоп лукашызм»

3 снежня суд Расонскага раёна (Віцебская вобласць) пакараў каталіцкага святара з Расонаў Вячаслава Барка 10 сутак арышту. Гэтую інфармацыю пацвердзіў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускай каталіцкай царквы Юры Санько.

1b8c063a_64f7_4cc2_8cec_3cbe3ea92134_w1023_r1_s.jpg


Святар будзе адбываць прысуд у Наваполацку.
Ксяндза Барка судзілі за тое, што на сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён размясціў працу мастака Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм».
У сувязі з тым, што на малюнку прысутнічае выява нацысцкай свастыкі, публікацыю малюнка святаром расцэненая як дэманстрацыя нацысцкай сімволікі. Сёння ў Расонах адбылося другое судовае паседжаньне, на якім вынеслі прысуд паводле артыкулу 17.10 КоАП («Прапаганда і (ці) публічная дэманстрацыя, выраб і (ці) распаўсюд нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі»).
«Я патлумачыў, што я размясціў мастацкі твор славутага мастака Уладзіміра Цэсьлера „Стоп лукашызм“, а не нямецкую свастыку. Я супраць фашызму, камунізму, любога таталітарнага рэжыму. Гэты плакат я размясціў, паказваючы свой пратэст супраць гвалту ў краіне», — патлумачыў святар сваю пазіцыю.
Мастак Уладзімір Цэслер абурыўся трактоўкай следчым сваёй карціны і выступіў у абарону Вячаслава Барка.
«Я, Цэсьлер Уладзімір Якаўлевіч, сябра Беларускага саюзу мастакоў, габрэй, аўтар працы „Стоп лукашызм“, заяўляю, што выкарыстаны ў маёй працы вобраз мае прамую антыфашысцкую скіраванасць. Трактоўка гэтай працы ў якасці прапаганды або дэманстрацыі нацысцкай і фашысцкай сімволікі бязглуздая і абсурдная ў сілу прамой антыфашысцкай сутнасці гэтай працы».