Лукашэнка: шмат «хламу» было, напрыклад, вышэйшая матэматыка

2 верасня падчас размовы са старшакласнікамі СШ № 93 Мінска Аляксандр Лукашэнка паразважаў пра тое, якія прафесіі могуць быць запатрабаваныя ў будучыні, піша «Еўрарадыё». 

cheat_1.jpg


Ён параіў хлопцам і дзяўчатам спакойна вучыцца і чакаць, калі праявяцца "здольнасці да чагосьці", і не ставіць перад сабой недасягальных мэтаў. Не раіў ён усім імкнуцца ў IT-сферу. Сказаў, што захапляецца прафесіяй механізатара.

Лукашэнка прызнаўся, што яму, "чалавеку вясковаму", было цяжкавата ў школе. А пасля ён мусіў "перавучвацца... адукацыю новую атрымліваць" на эканамічным факультэце.

"Шмат там "хламу" было, я ўжо цяпер як прэзідэнт гэта прыбіраю ў ВНУ, шмат непатрэбнага, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі sb.by. — Напрыклад, вышэйшая матэматыка. Трэба разумець, што гэта такое, але так глыбока даваць яе…".

Па словах кіраўніка дзяржавы вышэйшая матэматыка "ў такім аб'ёме" яму не спатрэбілася ні падчас працы ў сельскай гаспадарцы, ні ў прамысловасці. "Але мы ж усё роўна ўбіваем чалавеку ў галаву гэтую вышэйшую матэматыку, — абураецца Лукашэнка. — Калі ты матэматык, фізік і іншае — гэта трэба. Таму я настойваю: не трэба, каб шпігавалі дзяцей у школе адзінаццаць гадоў усім і ўсімі. Трэба даць базу, каб ён мог вызначыцца, чым займацца далей".


euroradio.fm