Магілёў. Міліцыя пракаментавала затрыманне арганізатара дзіцячага свята

Магілёўская міліцыя пракаментавала затрыманне арганізатара дзіцячага свята.

vova2.jpg


Увечары 22 чэрвеня ўладальнікі магілёўскай кавярні "Рэспубліка" і прадстаўнікі творчай групы "Дабрадзеі" арганізавалі дзіцячае свята ― дзеці маглі маляваць крэйдай проста на бруку, слухаць музыку і весяліцца.
Неўзабаве прыехала міліцыя і заявіла, што хтосьці з мясцовых жыхароў паскардзіўся на гучную музыку. Скончылася ўсё затрыманнем уладальніка кавярні Максіма Кандраценкі, якога пасля адпусцілі без складання пратаколу. Відэаролік здарэння з'явіўся ў інтэрнэце.
Праваахоўнікі сцвярджаюць, што калі яны з'явіліся, дзяцей на месцы ўжо не было. Дарэчы, тады было 19.20. Міліцыянеры спасылаюцца на нейкага 24-гадовага мясцовага жыхара, які жыве па вуліцы Ленінскай з жонкай і 10-гадовым сынам. Мужчына паскардзіўся на маладых людзей, якія ў раёне адной з кавярняў на пешаходнай вуліцы гучна гралі на гітары, падключанай да сістэмы гукаўзмацнення.
Супрацоўнікі міліцыі зрабілі заўвагу некалькім хлопцам і дзяўчыне з-за гучнай музыкі (падкрэсліваецца — дзяцей там "ужо даўно не было"). Таксама яны пацікавіліся, што за музычнае мерапрыемства праводзіцца, якія падставы для збору грашовых сродкаў. Дырэктар кавярні распавёў, што ўдзень 22 чэрвеня для дзяцей была арганізаваная арт-пляцоўка. "Аднак, замест таго, каб дапамагчы разабрацца ў сітуацыі, ён адмаўляўся назваць свае дадзеныя ці прад'явіць супрацоўнікам дакументы, якія засведчваюць яго асобу", — распавёў прэс-службе УУС Магілёўскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Павел Смірноў.
Пасля гэтага дырэктара кавярні завезлі ў пастарунак "для высвятлення асобы і далейшага разбіральніцтва па сутнасці сітуацыі". Пазней яго адпусцілі. Падставаў для складання адміністрацыйнага пратаколу ў яго адносінах не было. Увечары 22 чэрвеня скаргаў ад мясцовых жыхароў міліцыя больш не атрымлівала.


euroradio.fm