Медыя Вадзіма Пракоп'ева сталі экстрэмісцкімі матэрыяламі, «Сумленныя людзі» — экстрэмісцкім фарміраваннем

Папаўненне ў спісах беларускіх «экстрэмістаў» узору пасля 2020 года. Цяпер туды патрапілі youtube-канал вядомага беларускага рэстаратара-эмігранта Вадзіма Пракоп'ева і яго ТГ-канал «Радыё Гаага», а таксама грамадская ініцыятыва «Сумленныя людзі», якая дбала аб празрыстым падліку галасоў падчас галасавання.

maxresdefault_133.jpg

Інфармацыйная прадукцыя ютуб-канала «Вадзім Пракоп'еў» і тэлеграм-канала «Радыё Гаага» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Рашэнне прынята па заяве пракуратуры Цэнтральнага раёна Мінска, паведамляе Генеральная пракуратура.

Ініцыятыва «Сумленныя людзі» прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем. Такое рашэнне прынята КДБ 4 лютага.

«Група грамадзян, якія з'яўляюцца ўдзельнікамі, кіраўнікамі і стваральнікамі ініцыятывы "Сумленныя людзі", ажыццяўляе экстрэмісцкую дзейнасць», — гаворыцца ў пераліку арганізацый, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, апублікаваным на сайце МУС.