Мінэнерга: Фізічны пуск першага блока БелАЭС плануецца ў ліпені
Фізічны пуск першага энергаблока Беларускай АЭС запланаваны на ліпень 2020 года. Энергетычны пуск плануецца ў верасні-кастрычніку.

Пра гэты паведаміў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч, піша www.zviazda.by.
"У гэтым годзе плануецца фізічны пуск першага энергаблока і энергетычны пуск, гэта значыць ужо выдача першых кілават-гадзін у энергасістэму краіны. Па фізічным пуску мы арыентуемся, што гэта ліпень, адпаведна, выдача першых кілават-гадзін электрычнай энергіі — гэта верасень-кастрычнік", — заявіў Віктар Каранкевіч.
Паводле яго слоў, пакуль Мінэнерга арыентуецца на гэты графік. "Калі нейкія і могуць быць у далейшым карэктывы, мы будзем глядзець і аператыўна на іх рэагаваць", — растлумачыў Віктар Каранкевіч.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расійскім праекце паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Генеральным падрадчыкам выступае дзяржкарпарацыя "Расатам". Увод першага энергаблока запланаваны ў 2020 годзе, другога — у 2021-м.