Мінус 2 тысячы за 5 гадоў толькі на адным заводзе. Колькасць супрацоўнікаў заводаў няўхільна скарачаецца
Толькі за 1 год з «МАЗа» сышлі 670 супрацоўнікаў. «Свабода» высветліла, як змяншалася колькасць работнікаў заводаў.
Улады ў шэраг сваіх дасягненняў увесь час заносяць тое, што ім удалося «захаваць заводы». Але ці захавалася на гэтых самых заводах колькасць працоўных месцаў, якая была раней? Глядзім.
МТЗ
У 2015 годзе на Мінскім трактарным заводзе, паводле партала каштоўных папер (portal.gov.by), працавалі 17 891 чалавек, у 2020-м — 15 753. За 5 гадоў колькасць супрацоўнікаў зменшылася больш як на 2 тысячы чалавек, або на 12% усіх супрацоўнікаў.
«МАЗ»
Мінскі аўтамабільны завод толькі за 2019 год страціў 670 супрацоўнікаў. Агулам за 5 гадоў колькасць супрацоўнікаў скарацілася з 17 535 да 15 599 чалавек. Амаль на 2 тысячы чалавек меней за 5 гадоў, або мінус 11% супрацоўнікаў.
«Гродна Азот»
У 2015 годзе на «Гродна Азоце» працавалі 7749 чалавек, на пачатку 2020-га — 7475, колькасьць супрацоўнікаў за 5 гадоў зменшылася больш як на 200 чалавек, або на 3,5%. У 2020 годзе з палітычных матываў — за далучэнне да страйку — з завода звольнілі яшчэ як мінімум 30 чалавек.
«Гомсельмаш»
За 5 гадоў на «Гомсельмашы», які летась паказваў чыстыя страты, скарацілі толькі 28 чалавек. У 2015 годзе на заводзе працавалі 8038 чалавек, на пачатку 2020 года — 8010. Колькасць супрацоўнікаў зменшылася на 0,3%.
БМЗ
На жлобінскім БМЗ у 2015 годзе працавалі 11 183 чалавекі, на пачатку 2020 года — 10 725. За 5 гадоў колькасць супрацоўнікаў зменшылася амаль на 500 чалавек, або на 4%. Толькі за 2019 год колькасць супрацоўнікаў на БМЗ зменшылася на 277 чалавек.
МЗКЦ
Колькасць супрацоўнікаў МЗКЦ за 5 гадоў зменшылася больш як на тысячу чалавек. У 2015 годзе на заводзе працавалі 5281 чалавек, у 2020 годзе — 4234. Колькасьць супрацоўнікаў зменшылася на 20%. Толькі за 2019 год супрацоўнікаў стала менш на 307 чалавек.
«Нафтан»
На флагмане беларускай нафтаперапрацоўкі «Нафтане» ў 2015 годзе працавалі 10 730 чалавек, праз 5 гадоў — менш на 700 чалавек, або на 6,5%.
Мінус 60 тысяч за 4 гады
Агулам у прамысловасці Беларусі ў 2015 годзе працавалі
936,8 тысячы чалавек, у 2019-м — 875,6 тысячы. То-бок за 4 гады ў
прамысловасці стала працаваць на 60 тысяч чалавек менш.