Мітрапаліт Кандрусевіч: Мірная і памяркоўная Беларусь перажывае трывожны час
Мітрапаліт Кандрусевіч з-за мяжы перадаў зварот у сувязі з
пачаткам новай малітоўнай акцыі за мір у Беларусі, — перадае Радыё Свабода.
4 верасня з Горадні распачалася перэгрынацыя фігуры святога Міхала Арханёла па катэдральных касцёлах усіх дыяцэзій на Беларусі ў інтэнцыі хутчэйшага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў краіне.
З гэтай нагоды кіраўнік Беларускага каталіцкага касцёла мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, які вымушана знаходзіцца за мяжой, бо беларускія ўлады не пускаюць яго ў краіну, парушаючы канстытуацыйнае права на свабоду перамяшчэння, перадаў зварот.
«Мірная і памяркоўная Беларусь перажывае трывожны час, і ад таго, як мы сёння будзем дзейнічаць, залежыць наша будучыня,— піша мітрапаліт, —Звяртаюся да вас з гэтым пастырскім словам з-за мяжы, дзе вымушаны знаходзіцца па прычыне забароны вяртання на Радзіму.
Сваімі думкамі і малітвамі я з вамі. Дзякую за салідарную падтрымку і малітвы ў інтэнцыі майго хутчэйшага вяртаньня да сваёй паствы. Цяперашняе сваё становішча прымаю як Божае выпрабаванне, якое ахвярую ў інтэнцыі хучэйшага і мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў нашай Бацькаўшчыне і яе мірнай будучыні».