На Данбасе загінуў адзін са стваральнікаў беларускага атраду «Правага сектару»
У баі на Данбасе загінуў баец «Правага сектару», які каардынаваў працу з добраахвотнікамі з Беларусі. Таксама цяжка паранены адзін беларускі баец «Правага сектару».
Баец з Запарожжа Віталь Ціліжэнка быў забіты ў ноч з 9 на 10 жніўня пад Белай Камянкай — як пішуць ягоныя сябры, адбіваючы са сваімі байцамі з «Правага сектару» танкавую атаку.
Апошнім часам Ціліжэнка жыў у Кіеве і адказваў за кантакты з добраахвотнікамі з Беларусі. Менавіта ён з'яўляўся адным з ініцыятараў стварэння беларускага атраду «Правага сектару». Пахаваны ён будзе ў Запарожжы.
Ціліжэнка стаў першай пацверджанай стратай сярод байцоў з беларускага атраду «Правага сектару».
Выданне «Салідарнасць» са спасылкай на валанцёра Андрэя Стрыжака паведамляе, што яшчэ адзін баец з беларускага атраду цяжка паранены і яго адвезлі ў шпіталь на аперацыю. Імя і характар ранення беларуса не паведамляюцца.
Вядома, што на Данбасе ў шэрагах украінскіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў ваююць былыя палітычныя зняволеныя з Беларусі Эдуард Лобаў і Васіль Парфянкоў.