Наваградскія ўлады адмовіліся ад вуліцы Барыса Кіта: «Немэтазгодна, ужо ўшанаваны»

На петыцыю пра перайменаванне вуліцы ў Наваградку, што сабрала амаль паўтысячы подпісаў, прыйшоў адказ ад мясцовай улады, паведамляе "Радыё Свабода".

Барыс Кіт, архіўнае фота

Барыс Кіт, архіўнае фота

Перайменаваць вуліцу ў гонар беларускага навукоўца Барыса Кіта ў Наваградскім раённым выканаўчым камітэце лічаць немэтазгоднай справай — так піша старшыня выканкаму Анатоль Маркевіч у адказе на петыцыю, якая сабрала амаль паўтысячы подпісаў.

«Перайменаванне вуліцы цягне за сабой замену пашпартоў грамадзянаў, якія пражываюць на гэтай вуліцы, тэхнічных пашпартоў і іншых дакументаў, якія патрабуюць пэўных матэрыяльных выдаткаў», — сцвярджае гарадскі кіраўнік Анатоль Маркевіч.

Папраўдзе, грамадзянам пры змене назвы вуліцы не трэба мяняць пашпарты, а толькі паставіць новую пячатку аб рэгістрацыі на месцы жыхарства.

Маркевіч згадвае, што памяць пра Барыса Кіта захоўваецца ў горадзе іншым чынам: навуковец названы ганаровым грамадзянінам гораду, ягонае імя занесенае ў Кнігу славы Наваградскага раёна, у школе № 1 ёсць музей Барыса Кіта, 19 гадоў запар праходзіць інтэлектуальны турнір ягонага імя.

У петыцыі згадвалі пра званне ганаровага грамадзяніна — назваць у ягоны гонар вуліцу прапаноўвалі, каб «паказаць, што Наваградак будзе заўсёды памятаць свайго слыннага сына». Пераназваць прапаноўвалі адну з цэнтральных вуліц — найлепш падыходзіць для гэтага, пісалі ў петыцыі, вуліца Савецкая.

Месяц таму Міністэрства культуры Беларусі адмовіла Таварыству беларускай мовы ва ўшанаванні Барыса Кіта на дзяржаўным узроўні. Адмова была аргументаваная тым жа: ужо ўшанаваны званнямі і музейнымі экспазіцыямі.

Тым часам у Баранавічах пачалі збор подпісаў за наданне тамтэйшаму ўніверсітэту імя Барыса Кіта: такім чынам хочуць падкрэсліць важнасць ягонай асобы ў гісторыі Баранавіцкага краю, дзе ў 1930–1940-я гады Кіт спрычыніўся да адкрыцця многіх беларускіх школаў.

Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Санкт-Пецярбургу. Бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька, ратуючыся, перавёз сям’ю ў вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Скончыў Віленскі ўніверсітэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, пазней Наваградскай гімназіі. За беларускую дзейнасць пераследаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны. У 38 гадоў эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, удзельнічаў у амерыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў у космас, даследаваў касмічныя праграмы СССР. Прафесар, доктар філасофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, сябра многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб’яднанняў.

Памёр 1 лютага 2018 году на 108-м годзе жыцця. Пахаваны ў Вісбадэне.