Нягледзячы на пандэмію і пратэсты грамадскасці, у Віцебску – новая Дошка гонару

Канструкцыя, якая з’явілася на Плошчы Перамогі ў Віцебску, каштавала бюджэту больш як 67 тысяч долараў.

2020_05_20_lipka_doshka_honaru_f2.jpg

Напрыканцы красавіка жыхары горада збіралі подпісы пад петыцыяй супраць непажаданых выдаткаў у эканамічна складаны час. Але атрымалі адказ, што “ўстаноўка Дошкі гонару не супярэчыць дзейнаму заканадаўству”.
Былі і індывідуальныя звароты: актывістка стваранай партыі БХД Таццяна Севярынец напісала ліст у гарвыканкам.
Усё ж гэта пачалося, калі ішла пандэмія, калі вобласць ужо “палыхала”. Ужо было зразумела, што лякарні не гатовыя да эпідэміі, што няма чым лекаваць, няма касцюмаў для медыкаў, што нічога не хапае… Дык пусціце грошы на гэта, у вашых жа сілах памяняць мэту выдаткаў – аддайце медыкам!

2020_05_20_lipka_doshka_honaru_f1.jpg


Пазіцыя ўладаў вельмі была выразна выкладзена ў адказе, які атрымала Таццяна Севярынец: “Лічым, што Дошка гонару ў горадзе Вiцебску патрэбна”.
Варта заўважыць, што Дошка гонару ў горадзе была і дагэтуль – у парку каля плошчы Леніна. Яе ўсталявалі 13 гадоў таму, і новы аб’ект паўтарае тую ж канцэпцыю: адна палова для ўслаўлення гарадскіх вытворчых аб’ектаў і выбітных працаўнікоў, другая – для абласных. Пакуль новая Дошка гонару стаіць пустая, і адзін з мінакоў падзяліўся думкамі, каго там неўзабаве можна будзе ўбачыць:
Я лічу, што нам абсалютна не патрэбныя новыя Дошкі гонару, бо на іх будуць не яскравыя асобы, а прадстаўнікі ўлады. Гэта ж іх лічаць найлепшымі людзьмі нашага горада! Гэта пустая трата і без таго нішчымнага бюджэта нашага! 
Выдаткаваўшы грошы на Дошку гонару, віцебскія ўлады ніколькі не бянтэжацца прасіць у гараджанаў грошы на падтрымку медыкаў, падрыхтоўку да “Славянскага базару” і змушаюць выходзіць на суботнікі, каб на заробленыя там грошы “упрыгожыць горад”.

2020_05_20_lipka_doshka_honaru_f3.jpg


racyja.com