Нёман: Беларускае морачка. Паглядзіце, якая паводка на Гродзеншчыне (шмат фота)

Паехаць здымаць паводку было даўнім, як зараз модна казаць, «незакрытым гештальтам». Таму, атрымаўшы каштоўныя даныя ад надзейнай крыніцы, мы вырашылі больш нічога не чакаць – ані надвор’я, ані натхнення, ані яшчэ чагосьці, і зранку выехалі на сустрэчу з Вялікай Вадой-2024.

_belarus_vjasna_pavodka_njoman_stoupcy_2024_fota_novy_czas__3__logo.jpg

Нашай мэтай быў Нёман. Па-першае, мы някепска ведаем мясціны і падыходы. Па-другое... Ну вось падабаецца ён нам, што ты зробіш. Але ж, пралятаючы Іўеўскі раён, не здолелі не спыніцца ля Нёманавай сястры — Заходняй Беразіны, якая таксама моцна ўражвае, нягледзячы на змрочны ранак і лёгкі вясенні снег.

Збочваем з трасы і літаральна праз хвіліну Нёман паказваецца ва ўсёй сваёй моцы і прыгажосці. Спакойная дужая плынь запэўнівае нас у незваротным надыходзе вясны. А хмары толькі падкрэсліваюць моц вялікай ракі. Канешне, дзесьці ў лесе яшчэ захаваўся лёд, але гэта дакладна ненадоўга.

А далей нас чакаюць Дзяляцічы, дзе Нёман разліўся на неаглядны абшар. Нават мост часова прыпыніў сваю працу. Хатам, якія мудра пабудаваны на ўзгорку, здаецца пакуль нічога не пагражае. Там-сям чуваць пераклічка качак ды іншых вадзяных птушак, якім усё гэта вельмі даспадобы. 

Як тут ні прыгожа, але ж трэба рушыць далей. Тыя, хто ўважліва сочыць за нашымі вандроўкамі, адразу пазнаюць гэтае месца. Канешне ж, Любча! Але тыя, хто звыкла завітвае сюды толькі ў спрыяльныя часы году, будзе вельмі ўражаны сённяшнім выглядам гэтых мясцінаў і свавольствам вясенняга Нёмана. 

Тым, хто думае, што нічога асабістага ў гэтым усім няма, то вось вам параўнанне. Абодва фота зробленыя практычна з аднаго месца. Лета 2023 і вясна 2024. Шах і мат, скептыкі!

_belarus_ljubcza_njoman_2023_fota_novy_czas__1__logo.jpg


_belarus_ljubcza_njoman_vjasna_2024_fota_novy_czas_logo.jpg

Падчас нашай вандроўкі падаецца, што калі Беларусь не ідзе да мора, то мора ідзе да Беларусі. І дакладна праз Нёман.

А вось побач са Шчорсамі Нёман разышоўся не на жарт. Навігатар інфармуе, што да кропкі прызначэння (а гэта быў мост праз Нёман) засталося крыху меней за кіламетр, а абапал дарогі ўжо паўсюль вада. Краявіды захапляльныя, таму хопіць чытаць, а лепей глядзіце.

Калі ў Шчорсах яшчэ былі нейкія спадзяванні на паляпшэнне надвор’я, то хутка яны зніклі, а за хвілін 15 да Стоўпцаў пачаўся неблагім такі снегапад. Зіма сінімі лютаўскімі пальцамі яшчэ спрабуе зачапіцца за гэты край, але зразумела, што анічога не атрымаецца. Таму спакойна, у капелюшах ды пальчатках, робім сваю справу і назіраем, як Стоўпцы трымаюць удар стыхіяў! 

Усё! Гэты гештальт мы паспяхова закрылі, але наперадзе яшчэ шмат цікавага і прыгожага. Вясна і прыгожае надвор’е зусім побач, таму вы таксама прыгадвайце свае патаемныя старыя жаданні і не чакайце анічога спрыяльнага. Напрыканцы традыцыйна яшчэ некалькі фота. Хутка сустрэнемся!