Новыя жыроўкі: за двухпакаёўку давядзецца заплаціць больш за 500 тысяч

У Мінскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы тлумачаць, што жыроўкі з новымі коштамі прыйдуць мінчукам ужо ў сакавіку.



zyrouki.jpg

З 1 лютага 2015 года ў Мінску даражэюць камунальныя паслугі. Пастанову аб гэтым Мінгарвыканкам прыняў 5 студзеня.  Тэхабслугоўванне падаражэе на 33%, вада і каналізацыя — у сярэднім на 22,7%, капітальны рамонт — на 40%! Да прыкладу, калі раней за тэхабслугоўванне двухпакаёвай кватэры (48 квадратных метраў) было 34 000 рублёў, дык з лютага — 45 тысяч. Вырасла аплата за ліфт у 1,3 разы (6579 рублёў з кожнага прапісанага ў кватэры), а таксама з 1 студзеня ўрад падвысіў тарыфы і на аплату электрычнасці.
Нагадаем, згодна з указам №550, аднамомантавае падаражанне камунальных паслуг адбываецца штогод з 1 студзеня, але не больш чым на 5 долараў. А таксама індэксуецца раз на квартал у залежнасці ад таго, як растуць заробкі беларусаў.
У мінулым годзе камунальныя паслугі даражэлі згодна з указам раз на квартал: 1 сакавіка, 1 чэрвеня, 1 верасня і 1 снежня. Дык да чаго тады мае дачыненне павелічэнне камунальнай платы з 1 лютага?
Адказ знаходзім у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
«Так, Мінгарвыканкам «праспаў» падаражанне. Пакуль усе ўздымалі кошты ў студзені, яны насіліся з паперамі і ніяк не ўзгаднілі сваё падаражанне. Не выканаць указ нельга, таму падаражанне для менчукоў будзе не з 1 студзеня, а з 1 лютага», — тлумачаць у міністэрстве нечаканае падвышэнне платы за камунальныя паслугі.
«Дык мы паводле курсу снежня падымалі кошты, — спрабуюць супакоіць у Мінскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы. — Павелічэнне адбылося не больш чым на 5 долараў на тыповую двухпакаёўку з трыма жыхарамі!»
У Мінскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы тлумачаць, што жыроўкі з новымі коштамі прыйдуць мінчукам ужо ў сакавіку.
Падлічваем. За камунальныя паслугі ў тыпавой двухпакаёўцы на 48 квадратных метраў з трыма прапісанымі ў студзені плацілі прыкладна 495 тысяч рублёў. За люты рахунак пацяжэе да 535 тысяч рублёў. Агульнае падаражанне за люты складзе амаль 8%, або 40 000 рублёў.
Наступным разам кошты на камунальныя паслугі павінны падвысіцца з 1 сакавіка ў залежнасці ад таго, як вырастуць сярэднія заробкі беларусаў за 1 квартал 2015 года.
euroradio.fm