Падняць непад’ёмнае
Галоўнай падзеяй тыдня, безумоўна, стала адстаўка «вяршыні» праўладных СМІ. Пасадаў пазбавіліся кіраўнік БТ Генадзь Давыдзька, чвэрцьстагоддзевы рэдактар «Советской Белоруссии» Павел Якубовіч і старшыня СТБ Юрый Казіятка. Фактычна — уся прапагандысцкая «вертыкаль».
Неяк нават і сумна. Сышлі ў нябыт «маманты» беларускай прапаганды. Праўда, насамрэч, каб беларуская прапаганда нармальна працавала, рабіць гэта трэба было раней, і не так.
Тое, што «маманты» зніклі — цалкам лагічна і ўпісваецца ў, так бы мовіць, «выжыванне відаў». Свет імкліва змяняецца. І той, хто на гэтыя змены рэагаваць не здольны, натуральна, не выжывае. Узгадаем некалькі момантаў, якія папярэднічалі адстаўкам.
Напрыклад, анекдатычны выпадак, калі на абразлівае для Беларусі ток-шоў па тэлеканале НТВ «Саўбелка» адказала карыкатурай у стылі пачатку ХХ стагоддзя. З гэтага смяяўся ўвесь інтэрнэт: «Кукрыніксы супраць тэлевізара».
Альбо нядаўнія няўдалыя спробы заблакаваць у Беларусі «Беларускі партызан» і «Хартыю’97». Па-мойму, такія рэчы робяцца толькі ад бяссілля. У сучасным свеце немагчыма заблакаваць сайты — існуе шмат пляцовак, на якіх усё роўна інфармацыя будзе прасочвацца. Напрыклад, тыя ж сацыяльныя сеткі. І таму спробы блакады рэсурсаў нічога, апроч бясплатнай рэкламы гэтым рэсурсам, не даюць. Гэтага дасюль не разумеюць ва ўладных кабінетах.
Паказальным момантам была і тая ж «Справа “Regnuma”». Чамусьці антыбеларускім выказванням не супрацьстаялі беларускія прапагандысты. Гэтыя нападкі на Сінявокую адбівала, у асноўным, прэса недзяржаўная. А з боку дзяржавы спатрэбіўся суд і крымінальная справа, каб неяк сцішыць ці запаволіць прапаганду «рускага міру» ў Беларусі.
То-бок, беларуская ідэалагічная сістэма, пажыраючы агромністыя фінансавыя рэсурсы, апынулася цалкам бездапаможнай перад новымі выклікамі і сучаснымі тэхналогіямі. Яны не здолелі перавесці слова «змест» у слова «кантэнт», і рэагуюць на выклікі не творчымі высілкамі, а адміністрацыйным ціскам. У той час, як інфармацыю, што трапіла ў сеціва, ужо не спыніш.
Пэўна, асэнсаваўшы гэта, Аляксандр Рыгоравіч і вырашыў прывесці ў дзяржаўныя СМІ новых людзей. А, паколькі гэтых новых людзей яму ўзяць няма адкуль, прыйшлося задаволіцца старымі. БТ узначаліў былы міліцыянт, вядучы БТ і муж прэс-сакратаркі Лукашэнкі Іван Эйсмант, кіраўніком «СБ» стаў кіраўнік БелТА Дзмітрый Жук, а на месца Казіяткі прыйшоў былы намеснік міністра інфармацыі Ігар Луцкі. Гэтых людзей цяжка назваць новымі. А значыць, і падыходы да інфармацыі і да ідэалагічнай барацьбы застануцца такімі ж тапорнымі, як былі і пры «мамантах».
Сам Лукашэнка адзначае: «Больш актыўна мы павінны працаваць і ў інтэрнэце. Вядома, “дастаць” моладзь з тэлефонаў і камп’ютараў і прымусіць чытаць газету ў нас, на жаль, ужо наўрад ці атрымаецца. Але ў такім выпадку там жа, у інтэрнэце, мы павінны прапанаваць ім узамен нешта цікавае, правільнае, аб’ектыўнае… Чакаю рашучых дзеянняў і ў гэтым кірунку».
А вось датычна тэлебачання: «Патрэбныя перамены. Калі вы ў мяне спытаеце, якія, я вам проста скажу: глядзіце замежнае тэлебачанне, навіны, «Еўраньюс» стаў неяк больш спакойным каналам, CNN, BBC, выбірайце лепшае па крупінках, але найлепшы арыенцір — расійскае тэлебачанне. Выдатна працуе тэлебачанне, але нам ні ў якім разе нельга скаціцца на тыя пазіцыі і тыя формы працы, якія сёння існуюць на расійскіх каналах», — адзначыў беларускі правадыр.
Па гэтых словах бачна, што Аляксандр Рыгоравіч, як бы слушна ўсё не гучала, сам застаецца ў мінулым. Так, можа быць, ён бачыць, што Мікалай робіць са сваім смартфонам. Але вось гэтае «больш актыўна працаваць у інтэрнэце» збянтэжвае.
І не толькі таму, што такіх заклікаў, як і іншых, было безліч. Бо што такое «інтэрнэт»? Зараз гэта — агульнае слова, якое азначае вельмі стракаты асяродак. У іх не вельмі атрымлівалася з сайтамі, перыяд сацыяльных сетак і блогінгу яны ўвогуле як і не бачылі. Зараз пачынаюць «руліць» месанджары, набывае другое жыццё RSS. Ці здолеюць нашы дзяржаўныя СМІ пераскочыць адразу некалькі прыступак у развіцці?
І яшчэ адзін, самы паказальны момант. Пасля адстаўкі прадстаўнікі недзяржаўных СМІ кінуліся размаўляць з былымі апанентамі. І гэтыя былыя апаненты ў адзін голас пачалі енчыць: «Невінаватая я! Ён сам прыйшоў!». Давыдзька, бачце, ніякім чынам не датычны да «Жалезам па шкле», а Якубовічу матэрыялы спускаліся з Савета Бяспекі, і ён, як «чалавек дзяржаўны» не мог іх не друкаваць. А там, дзе матэрыялы пісаліся аўтарамі «СБ» — дык крыніца была ў БТ. То-бок, у Давыдзькі…
Карацей, адразу ж пачаліся незразумелыя апраўданкі, нейкае мямлянне… Яскравы прыклад таго, што будзе са шматлікімі чыноўнікамі, калі Аляксандар Рыгоравіч сыдзе з пасады: усе мы не вечныя.
Новыя-старыя людзі ў дзяржаўных СМІ павінны змяніць сітуацыю на прапагандысцкім полі. І не проста змяніць — яны павінны выканаць старую задачу ў новых умовах. Не трэба забывацца, што наперадзе прэзідэнцкія выбары, якія, па словах старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, могуць прайсці нават у наступным годзе. Між тым, фон для гэтых выбараў — не самы прыгожы. «Антыдармаедскія» выступы мінулага года прайшлі пад лозунгам, частка з якога гучала, як «Лукашэнка, сыходзь!». У тым жа 2019-м нас чакае ўвод у дзеянне новага «дармаедскага» дакумента і 100 %-я аплата камуналкі. «Папяцсот» нікому не далі і наўрад дадуць — хіба што гэта потым скончыцца крахам ледзь-ледзь стабілізаванай фінансавай сістэмы. Людзі праядаюць апошнія зберажэнні, якія моцна схуднелі за часы крызісу. «У атамана скончыўся залаты запас», а грошай узяць няма адкуль.
Забяспечыць у такіх варунках «элегантную перамогу», нават пры існуючай мадэлі выбараў, будзе вельмі складана. І не менш складана будзе зрабіць тое, на чым трымаецца тая «перамога» — пераканаць электарат, што ўсё сапраўды прайшло так, як кажа Ярмошына па тэлевізары.
Для стварэння новай сістэмы пераканання старым-новым кіраўнікам дзяржпрапаганды адведзена год-паўтара. Ці здолеюць яны падняць непад’ёмнае і выканаць гэтую задачу?