Пагранкамітэт: Украінскія ID-карты не разглядаецца як сапраўдны дакумент для перасячэння мяжы

Пашпарт грамадзяніна Украіны ў выглядзе ID-карты пакуль не разглядаецца як сапраўдны дакумент для перасячэння беларускай мяжы, паведаміла прэс-служба Дзяржпагранкамітэта.



526930_20150710120452_300x200.jpg

З 1 студзеня 2016 года ва Украіне ўведзеныя ўнутраныя пашпарты новага ўзору ў выглядзе пластыкавай ID-карты. "Украінскія грамадзяне памылкова разлічваюць уехаць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь па гэтых новых электронных дакументах", — зазначыла прэс-служба.


"Згодна з дзейнай двухбаковай дамовай паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай ад 2009 года аб бязвізавых паездках грамадзян новы ўкраінскі пашпарт у выглядзе ID-карты не прадугледжаны як дакумент для пропуску праз дзяржаўную мяжу Беларусі", — растлумачылі ў пагранкамітэце.


Акрамя таго, украінскі бок да гэтага часу не ініцыяваў працэдуры паміж МЗС аб прызнанні ID-карт у якасці сапраўднага дакумента для перасячэння мяжы ў рамках бязвізавых паездак.


"Да ўрэгулявання гэтых пытанняў беларускі бок можа прапускаць праз мяжу грамадзян Украіны толькі па сапраўдных дакументах: замежных пашпартах (для ўладальнікаў ID-карт) і ўнутраных пашпартах старога ўзору (у папяровым выглядзе)", — падкрэсліла прэс-служба ДПК.
Марына Носава, БелаПАН