Палата прадстаўнікоў сёлета не прыме закон аб хатнім гвалце
Палата прадстаўнікоў у 2020 годзе не будзе прымаць закон аб хатнім гвалце. Пра гэта напісана ў адказе на калектыўны зварот прадстаўнікоў «пралайферскіх арганізацый». Копію адказу Свабодзе перадаў адзін з удзельнікаў закрытай групы пралайфераў на ўмовах ананімнасці, піша svaboda.org.
Прадстаўнікі пралайферскіх арганізацый накіравалі ў Палату прадстаўнікоў калектыўны зварот пра «катэгарычнае непрыманне законапраекту аб супрацьдзеянні хатняму гвалту». Зварот разглядалі пастаянныя камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы, па адукацыі, культуры і навуцы, па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. Адказ даў старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы Алег Белаконеў.
Ён падзякаваў заяўнікам за «неабыякавае стаўленне да лёсу падрастаючага пакалення». І паведаміў:
- планы на 2020 год, зацверджаныя ўказам прэзідэнта ад 26 снежня 2019, не прадугледжваюць распрацоўкі законапраекту аб супрацьдзеянні хатняму гвалту;
- ініцыяванне законапраекту, які «рэгулюе такія праваадносіны, у цяперашні час лічым немэтазгодным».
Хатні гвалт: нацыянальная праблема, што замоўчваецца
Таксама пралайферы прасілі прыняць нарматыўны акт аб абароне сямейных каштоўнасцяў.
Старшыня камісіі адказаў:
- У 2018/2019 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі было забяспечана вывучэнне ў 9–11 класах факультатыўных заняткаў «Асновы сямейнага жыцця» і «Падрыхтоўка вучняў да сямейнага жыцця», «мэтай якіх з'яўляецца фармаванне каштоўнасных адносін да інстытуту шлюбу і сям’і»;
- Міністэрства адукацыі рэкамендавала да выкарыстання вучэбную праграму факультатыўных заняткаў для 5–11 класаў «Асновы праваслаўнай культуры», «мэтавымі ўстаноўкамі якой з'яўляецца фармаванне ўяўленняў аб прызначэнні сям’і і нараджэнні дзяцей, аб цнатлівасці як духоўнай і цялеснай чысціні чалавека»;
- У Беларусі дзейнічае Грамадска-кансультатыўная рада па абароне дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і развіццю.
Хто заяўнікі?
Гэта група грамадзян, якія называюць сябе прадстаўнікамі пралайферскіх арганізацый. Яны пішуць калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы з просьбамі забараніць у Беларусі «прапаганду ЛГБТ-ідэалогіі», выступаюць супраць закону аб хатнім гвалце, прасілі Міністэрства аховы здароўя забараніць аперацыі па змене полу.